17 жніўня, Ерэван /БЕЛТА - Арменпрэс/. Пытанні ваеннага супрацоўніцтва абмеркавалі ў Ерэване міністры абароны Арменіі і Беларусі. Аб гэтым на сустрэчы з журналістамі сказаў міністр абароны Арменіі Сейран Аганян пасля сустрэчы з дэлегацыяй на чале з міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым.
"Мы сустракаліся 16 жніўня ў час пасяджэння савета міністраў абароны краін АДКБ, якое прайшло пад старшынствам Арменіі. Сёння ў нас адбылася сустрэча візіві з пашыранымі складамі прадстаўнікоў міністэрстваў абароны абедзвюх краін. Мы абмяняліся думкамі аб сітуацыі ў свеце і ў рэгіёне", - сказаў міністр абароны Арменіі Сейран Аганян.
Міністры ўдзялілі асаблівую ўвагу праграмам на 2016 год, які, са слоў міністра абароны Арменіі, з'яўляецца вельмі напружаным. "2016 год для нас вельмі напружаны і багаты на запланаваныя мерапрыемствы. Лічу, што мерапрыемствы па сумеснай боегатоўнасці, абмен вопытам, узаемадзеянне па ўсіх пытаннях ставяць супрацоўніцтва з Міністэрствам абароны Беларусі на высокі ўзровень. Візіт міністра абароны Беларусі надасць гэтым адносінам новы імпульс", - адзначыў Сейран Аганян.