Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

26 Крс 2019

Мінадукацыі і СБ падпісалі пагадненне аб выдзяленні 90 млн еўра на мадэрнізацыю сельскіх школ

Мінадукацыі і СБ падпісалі пагадненне аб выдзяленні 90 млн еўра на мадэрнізацыю сельскіх школ

26 красавіка, Любанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Міністр адукацыі Ігар Карпенка і кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандр Крэмер падпісалі пагадненне аб дадатковым фінансаванні праекта "Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Беларусі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пагадненне прадугледжвае выдзяленне 90 млн еўра для прадаўжэння мадэрнізацыі школ у вёсках і малых гарадах.

У прыватнасці, звыш 81 млн еўра будзе накіравана на рэканструкцыю і капітальны рамонт устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, аснашчэнне вучэбна-лабараторным абсталяваннем. У сельскіх школах Віцебскай вобласці (па адной у кожным раёне) створаць цэнтры па аказанні сацыяльна-культурных, псіхалагічных кансультатыўных паслуг. У Магілёўскай вобласці таксама выберуць па адной школе ў кожным раёне - тут арганізуюць цэнтры інавацыйнага навучання на базе кабінетаў фізікі, хіміі, інфарматыкі, біялогіі. Усяго плануецца адрамантаваць і аплаціць абсталяванне не менш як 220 школ па ўсёй краіне.

Яшчэ 6,7 млн еўра накіруюць на мадэрнізацыю сістэмы кіравання адукацыяй, у тым ліку на ўмацаванне нацыянальнай сістэмы ацэнкі якасці адукацыі і падтрымку мерапрыемстваў па ўдзеле Беларусі ў праграмах PISA ў 2021 годзе. Дарэчы, у 2018 годзе краіна ўпершыню прыняла ўдзел у тэсціраванні PISA, у ім удзельнічалі звыш 5,8 тыс. 15-гадовых школьнікаў.

Каля 2 млн еўра пойдуць на падтрымку рэалізацыі, маніторынгу і ацэнкі праекта.

На думку Ігара Карпенкі, незалежна ад таго, маленькая сельская школа або вялікая гарадская, знаходзіцца ў сталічным рэгіёне або на ўскраіне, усе дзеці павінны мець аднолькавыя магчымасці для атрымання адукацыі. "Гэта пасыл кіраўніка дзяржавы, і мы спрабуем рэалізаваць яго, у тым ліку пры падтрымцы Сусветнага банка праз праект па мадэрнізацыі школ у раёнах. Я ўпэўнены, што наша далейшае супрацоўніцтва з банкам і транш, які мы падпісалі, будуць садзейнічаць стварэнню аднолькавых умоў для дзяцей. Гэта і аснашчэнне кабінетаў, і тэхнічныя сродкі - усё, каб дзіця ўсебакова развівалася, атрымлівала якасную адукацыю, сацыялізавалася, рыхтавалася да самастойнага жыцця", - адзначыў міністр.

У сваю чаргу Аляксандр Крэмер падкрэсліў: калі людзі чуюць слова "інвестыцыі", яны часта ўяўляюць будаўніцтва дарог або электрастанцый, аднак усё гэта далёка не так важна для краіны, як адукацыя. "Дэмаграфія змяняецца, назіраецца сітуацыя, калі ў адным рэгіёне становіцца больш дзяцей, у другім - менш, і адаптацыя школьнай сеткі кладзецца на плечы Міністэрства адукацыі. Сусветны банк удзячны за тую работу, якая праводзіцца міністэрствам па вырашэнні гэтай праблемы. І мяне ўражвае тая рашучасць, з якой Беларусь узялася за пераход на падушавое фінансаванне і стварэнне сеткі школ са школьнымі цэнтрамі. Упэўнены, гэтым Беларусь можа ганарыцца", - сказаў ён.

Падпісанне пагаднення адбылося ў Стараюрковіцкім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад - сярэдняя школа. Тут з кастрычніка 2016 года па чэрвень 2017-га праведзены рамонт у тым ліку за кошт сродкаў Сусветнага банка. Банк выдзеліў Br423 тыс., якія пайшлі на капрамонт даху, памяшканняў другога паверха, санвузлоў і фае. Усе астатнія памяшканні - кабінеты і калідоры першага паверха, харчблок, спартзала з раздзявалкамі - уладкаваны на сродкі раённага бюджэту (Br263 тыс.).

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі