14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам 14 лютага ў час афіцыйнага візіту ў Польшчу наведала Беласток і сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Польшчы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Савета Рэспублікі.
Вітаючы прадстаўнікоў дыяспары, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ў апошнія гады супрацоўніцтва беларускай дзяржавы з беларусамі замежжа атрымала новы імпульс. Прыняты адпаведны закон, дзейнічае кансультатыўны савет пры Міністэрстве замежных спраў, у Нацыянальным сходзе створана рабочая група па справах беларусаў замежжа.
Беларусаў за мяжой - амаль 3 млн, у Польшчы - 48 тыс., паводле даных апошняга перапісу. "Мы ў Беларусі вельмі ўдзячныя за тое, што вы тут арганізуеце выдатныя мерапрыемствы, якія сталі шырока вядомымі і папулярнымі. Фестываль беларускай песні, канферэнцыя "Шлях да ўзаемнасці", свята "Купалле", конкурс "Пазнай Беларусь" - выдатныя прыклады", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Старшыня Савета Рэспублікі заклікаў і далей пашыраць сувязі паміж краінамі. "У Беларусі і Польшчы могуць быць розныя погляды, але я перакананы, што нам трэба сканцэнтравацца на галоўным, на тым, што нас аб'ядноўвае, - заявіў ён. - Сучасная Беларусь - стабільная, мірная еўрапейская краіна. Мы паслядоўна будуем дзяржаву для народа, стараемся ўносіць свой пасільны ўклад у рэгіянальную бяспеку. Мы сёння ствараем IT-краіну, займаем высокія месцы ў розных сусветных рэйтынгах, ганарымся сваімі сусветна вядомымі прамысловымі брэндамі, беларускімі пераможцамі Алімпійскіх гульняў і міжнародных конкурсаў прыгажосці. Рыхтуемся прыняць у чэрвені ў Мінску II Еўрапейскія гульні".
"Мы зацікаўлены ва ўдзеле беларусаў Падляшша ў канструктыўнай, стваральнай працы на карысць шматмільённага беларускага народа. Ваша дапамога вельмі карысная. Беларусь са свайго боку будзе дапамагаць беларусам Польшчы ў захаванні і развіцці традыцый, культуры, мовы", - дадаў Міхаіл Мясніковіч, падзякаваўшы дыяспары за работу па захаванні нацыянальнай самаідэнтычнасці.
Перад сустрэчай з дыяспарай каля помніка ў вёсцы Заляшаны парламенцкая дэлегацыя аддала даніну памяці загінулым. Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што разбуральныя войны і канфлікты мінулага стагоддзя навучылі беларусаў рабіць усё магчымае, каб захаваць мір і спакой, развіваць дыялог і ўзаемадзеянне, не дапускаць канфрантацыі.