14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч прапануе сфарміраваць групы дружбы ў парламентах Беларусі і Вялікабрытаніі. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Фіёнай Гіб, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў Міхаіл Мясніковіч, беларускі бок зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Вялікабрытаніяй. У рэспублікі ёсць добрая практыка з шэрагам іншых дзяржаў, калі ствараюцца так званыя парламенцкія групы дружбы, што дае магчымасць пашыраць гарызонты двухбаковага супрацоўніцтва. "Хацелася б ведаць ваш пункт гледжання, наколькі гэта рэальна і што трэба было б зрабіць беларускаму боку, каб мы ўстанавілі такія міжпарламенцкія кантакты", - сказаў спікер.
Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі, Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні эканамічнага супрацоўніцтва з Вялікабрытаніяй. Тавараабарот паміж краінамі даволі высокі. Калі прааналізаваць яго структуру, то беларускі экспарт у асноўным прадстаўлены прадуктамі перапрацоўкі нафты, калійнымі ўгнаеннямі. "Гэта добра, але хацелася б дыверсіфікаваць структуру, каб таварная наменклатура была крыху шырэйшая", - адзначыў ён.
"Вядома, хацелася б ведаць ваш пункт гледжання аб магчымым інвестыцыйным супрацоўніцтве: аб стварэнні сумесных кампаній з дзеючымі прадпрыемствамі або, як мы гаворым, грынфілд-праектаў, гэта значыць зусім новых прадпрыемстваў", - сказаў Міхаіл Мясніковіч. Ён таксама адзначыў, што Беларусь, у прыватнасці, зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва ў хімічнай прамысловасці. Што датычыцца вытворчасці лякарстваў, Беларусь па гэтым напрамку цяпер працуе ў тым ліку з Індыяй, было б перспектыўна наладзіць узаемадзеянне і з кампаніямі з Вялікабрытаніі, дадаў спікер.
Старшыня Савета Рэспублікі лічыць, што бакам неабходна абмеркаваць дагаворна-прававую базу. Цяпер яна даволі невялікая, паводле існуючых звестак, ёсць каля дзесяці дакументаў, якія рэгулююць эканамічныя і палітычныя адносіны паміж краінамі. Таму дзяржавам сапраўды трэба папрацаваць над пашырэннем дагаворнай базы, каб можна было пашырыць супрацоўніцтва па асобных пытаннях эканамічнага, гуманітарнага, навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння.