11 мая, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Дзяржаўны візіт кітайскай дэлегацыі на чале са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у Беларусі ацэньваюць як гістарычны і вельмі паспяховы. Аб гэтым сёння на сустрэчы з кітайскім лідарам заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь ганарыцца сваімі адносінамі з Кітаем. Цяперашні візіт у Беларусь мы ацэньваем як гістарычны і вельмі паспяховы - падпісаныя ўчора дакументы адкрываюць новы этап беларуска-кітайскіх адносін", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Ён адзначыў, што Беларусь шмат чаму вучыцца ў кітайскіх партнёраў. "Мы імкнёмся пераняць ваш вопыт. Кожная краіна мае свае асаблівасці, але ў нас шмат агульнага ў прынцыповых падыходах развіцця", - канстатаваў кіраўнік парламента.
Як звярнуў увагу Міхаіл Мясніковіч, цяперашні візіт кітайскага боку праходзіць у знакавыя для Беларусі дні святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
За больш як 20-гадовы перыяд дыпламатычных адносін тавараабарот Беларусі і Кітая вырас у сто разоў. Паводле даных Мінэканомікі, за мінулы год прырост тавараабароту дзвюх краін павялічыўся на 27 працэнтаў.