29 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч адзначыў прагрэс у адносінах з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі кангрэса, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы вітаем тое, што з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад у нас ужо склаліся такія добрыя адносіны, і яны становяцца традыцыйнымі. Разлічваем, што гэта будзе садзейнічаць актывізацыі дыялогу паміж аб'яднанай Еўропай і Беларуссю ў цэлым", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
У 2018 году Беларусь упершыню наведала старшыня Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад СЕ, у той час гэту пасаду займала Гудрун Мослер-Цёрнстром. У час візіту адбылася сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, на якой абмяркоўваліся напрамкі магчымага ўзаемадзеяння бакоў у сферы мясцовага самакіравання. Прайшоў круглы стол, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржкіравання і мясцовага самакіравання, грамадскіх арганізацый, а таксама прадстаўнікі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад СЕ з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі. У працяг дыялогу ў снежні 2018 года Саветам Рэспублікі сумесна з Саветам Еўропы арганізаваны семінар па пытаннях развіцця асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў. У лютым 2019 года на нарадзе ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці з удзелам экспертаў Савета Еўропы абмяркоўваліся пытанні развіцця асацыяцый мясцовых Саветаў.
"Дамоўленасці, якія былі дасягнуты, беларускі бок стараецца выконваць у поўным аб'ёме", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Цяперашні візіт будзе садзейнічаць пашырэнню супрацоўніцтва Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы і Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, а таксама дасць магчымасць пераняць лепшы еўрапейскі вопыт - па падрыхтоўцы кадраў мясцовых і рэгіянальных улад, развіцці трансгранічнага супрацоўніцтва, умацаванні сувязей паміж рэгіянальнымі і мясцовымі ўладамі, арганізацыі работы асацыяцый мясцовых улад.
Дэлегацыю кангрэса ўзначаліў яго старшыня Андэрс Кнапэ. Паводле яго слоў, беларускі бок і кангрэс сур'ёзна рушылі наперад у рамках наладжвання адносін.
Андэрс Кнапэ таксама адзначыў, што ўражаны Мінскам, яго чысцінёй, якасцю дарог, людзьмі, якія тут жывуць. Ён выказаў упэўненасць, што ў будучым беларуская сталіца можа стаць не толькі горадам, цікавым у плане супрацоўніцтва і развіцця адносін, але і вельмі перспектыўным турыстычным напрамкам для краін Еўропы. "Гэтаму гораду сапраўды ёсць чым ганарыцца", - сказаў ён.
На пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання з удзелам прадстаўнікоў кангрэса 30 красавіка будзе разгледжаны план мерапрыемстваў (дарожная карта) па ўдасканаленні заканадаўства, рэгулюючага пытанні мясцовага самакіравання ў мэтах устойлівага развіцця тэрыторый. Вынікам яе выканання стане выпрацоўка прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства, у прыватнасці закона "Аб мысцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь". Удасканаленне заканадаўства - адзін з асноўных напрамкаў работы Савета Рэспублікі і створанага пры ім Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. Мэта гэтай работы - павышэнне якасці жыцця насельніцтва, вырашэнне важнейшых для людзей пытанняў: эканамічных, сацыяльных, экалагічных. Сярод іх стварэнне новых рабочых месцаў, паляпшэнне дзелавога клімату, даступная і якасная медыцына і адукацыя, аказанне неабходных жыллёва-камунальных і бытавых паслуг. Асаблівая ўвага ўдзяляецца дэбюракратызацыі, упарадкаванню адміністрацыйных працэдур, паляпшэнню ўзаемадзеяння мясцовых органаў улады і насельніцтва.