18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 104 "Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Межы гэтых абласцей былі ўстаноўлены больш як 60 гадоў таму, у 1950-я гады, графічным спосабам на аснове існуючага ў той час картаграфічнага матэрыялу. З цягам часу з-за меліярацыйных і культуртэхнічных работ, будаўніцтва аб'ектаў транспартнай інфраструктуры межы перасталі супадаць з цвёрдымі контурамі мясцовасці (рэкамі, меліярацыйнымі каналамі, дарожнай сеткай, ляснымі масівамі, прасекамі і іншымі).
Указ прадугледжвае ўстанаўленне з 1 снежня 2019 года межаў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай абласцей, іх раёнаў і горада Жодзіна, ажыццяўленне рэгістрацыі і ўліку змяненняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання абласцей, раёнаў, сельсаветаў у Адзіным рэестры адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь. Межы Брэсцкай вобласці і яе раёнаў, якія супадаюць з Дзяржаўнай граніцай Рэспублікі Беларусь з Украінай, будуць зменены пасля завяршэння дэмаркацыі.
Адпаведныя змяненні ўнясуць у Адзіны дзяржаўны рэгістр нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй і Рэестр адрасоў Рэспублікі Беларусь цэнтралізавана ў межах сродкаў рэспубліканскага бюджэту, што прадугледжваюцца Дзяржкаммаёмасці на маёмасныя адносіны, картаграфію і геадэзію.
За выдачу (афармленне) дакумента, які засведчвае права на зямельны ўчастак, пошліна спаганяцца не будзе. Да памеру платы за дзяржаўную рэгістрацыю зямельных участкаў, правоў, абмежаванняў правоў на іх і ўнясенне выпраўленняў у дакументы рэгістра нерухомай маёмасці, а таксама да тарыфаў на паслугі па падрыхтоўцы звестак для дзяржаўнай рэгістрацыі і ўнясення выпраўленняў установяць паніжаючыя каэфіцыенты.
Грамадзяне, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы будуць вызвалены ад платы за ўнясенне змяненняў у дакументы, якія змяшчаюць звесткі аб адрасе. Дзеянне дагавораў арэнды зямельных участкаў, межы якіх змяняюцца, захоўваюцца да спынення тэрміну арэнды.