13 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Катар імкнецца да таго, каб узняць адносіны з Беларуссю на больш высокі ўзровень. Аб гэтым сказаў Часовы павераны ў справах Дзяржавы Катар у Рэспубліцы Беларусь Мешааль аль-Атыя 12 снежня на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды Нацыянальнага дня гэтай краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дзяржава Катар ганарыцца ўзроўнем моцных адносін паміж нашымі дружалюбнымі краінамі. У мінулым годзе краіны адзначылі 25-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін, - звярнуў увагу ён. - З моманту ўстанаўлення ў 1996 годзе гэтыя адносіны былі адзначаны многімі яркімі старонкамі, уключаючы абмен візітамі на вышэйшым узроўні, у выніку якіх быў створаны катарска-беларускі камітэт па супрацоўніцтве, што надало магутны імпульс нашым адносінам".
Па выніках шматлікіх узаемных візітаў афіцыйных асоб дзвюх краін на розных узроўнях урады падпісалі 26 пагадненняў і мемарандумаў аб узаемаразуменні. Гэтым быў закладзены трывалы фундамент для выбудоўвання канструктыўных адносін у розных галінах.
"Дзяржава Катар высока цэніць узровень цесных і трывалых адносін, якія звязваюць нашы краіны, і мы пастаянна імкнёмся да таго, каб узняць іх на больш высокі ўзровень у будучым пад кіраўніцтвам шэйха Таміма бен Хамада аль-Тані, эміра Дзяржавы Катар і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі", - заявіў Мешааль аль-Атыя.
"Дзяржава Катар спадзяецца на больш хуткае пераадоленне ўсіх цяжкасцей і крызісаў, што ўзніклі апошнім часам у рэгіёне і на міжнародным узроўні. Гэта дазволіць працаваць разам з нашымі беларускімі сябрамі над развіццём і ўмацаваннем супрацоўніцтва ва ўсіх галінах, каб нашы адносіны былі на тым узроўні, да якога імкнуцца краіны. Мы гатовы зрабіць усё магчымае для дасягнення гэтых мэт", - рэзюмаваў дыпламат.
Ён таксама звярнуў увагу, што з першага дня знаходжання на беларускай зямлі было шмат магчымасцей пазнаёміцца з прыгожай і гасціннай Беларуссю. "Мы былі ўражаны дасягнутым узроўнем развіцця ў розных галінах і нястомнымі намаганнямі, якія беларуская дзяржава прыкладае для дасягнення большага прагрэсу", - заўважыў ён.
"Катар усведамляе, што свет перажывае цяжкія часы. Мы таксама сутыкнуліся з цяжкасцямі ў нашым рэгіёне, але змаглі іх пераадолець. Я хацеў бы запэўніць усіх нашых сяброў, што Дзяржава Катар без ваганняў акажа ім дапамогу і падтрымку ў мэтах дасягнення большага працвітання, - падкрэсліў дыпламат. - Хачу выказаць шчырую падзяку ўсім нашым беларускім сябрам, якія ўдзельнічаюць у развіцці і ўмацаванні катарска-беларускіх адносін".