11 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасяджэнне Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварый пройдзе 16 сакавіка ў рэжыме відэаканферэнцыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе сходу.
"Дэпутаты разгледзяць пытанне аб выніках выканання мерапрыемства Саюзнай дзяржавы "Аказанне комплекснай медыцынскай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян Беларусі і Расіі, якія трапілі пад радыяцыйнае ўздзеянне з прычыны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС" у 2020 годзе і аб наданні яму статусу штогадовага, - праінфармавалі ў прэс-службе. - Наданне статусу штогадовага мерапрыемства Саюзнай дзяржавы гарантуе яго штогадовае фінансаванне з саюзнага бюджэту ў неабходных аб'ёмах, а таксама вызваляе дзяржаўных заказчыкаў ад неабходнасці штогадова абгрунтоўваць мэтазгоднасць правядзення мерапрыемства".
Удзельнікі пасяджэння абмяркуюць ход работы па ўзгадненні праекта канцэпцыі праграмы Саюзнай дзяржавы "Удасканаленне падыходаў да аварыйнай гатоўнасці, аварыйнага рэагавання і рэгулявання бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі", а таксама вынікі выканання ў 2020 годзе праграмы сумеснай дзейнасці Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы па абароне насельніцтва і рэабілітацыі тэрыторый, пацярпелых у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
"Акрамя таго, дэпутатам будзе прадстаўлена інфармацыя аб мерапрыемстве Саюзнай дзяржавы па аказанні медыцынскіх рэабілітацыйных паслуг дзецям з раёнаў Беларусі і Расіі, найбольш пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама ад наступстваў іншых аварый і тэхнагенных катастроф", - дадалі ў прэс-службе.
Да ўдзелу ў пасяджэнні запрошаны прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, міністэрстваў аховы здароўя, фінансаў, МНС і Мінпрыроды Беларусі і Расіі.