25 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў ПАР і Мазамбіку па сумяшчальніцтве Аляксандр Сідарук 24 кастрычніка ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Мазамбіка Філіпэ Жасінта Ньюсі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У час аўдыенцыі ў Прэзідэнта Мазамбіка бакі абмеркавалі найбольш перспектыўныя сферы ўзаемадзеяння, вылучыўшы ў якасці прыярытэтнага ўдзел беларускіх прадпрыемстваў у механізацыі сельскай гаспадаркі Мазамбіка. Субяседнікі ўдзялілі ўвагу пытанням развіцця мяса-малочнай жывёлагадоўлі і земляробства Мазамбіка з выкарыстаннем беларускага вопыту, а таксама экспарту адукацыйных паслуг і навучання мазамбікскай моладзі ў беларускіх вышэйшых навучальных установах.