19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і ВНУ Кубы актывізуюць супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і інавацыйнай дзейнасці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ВНУ.
Візіт дэлегацыі БДУ на чале з рэктарам Андрэем Каралём на Кубу прадоўжыцца да 22 красавіка. Першыя перагаворы адбыліся ў вядучай і старэйшай ВНУ краіны - Гаванскім універсітэце, завяршыліся яны падпісаннем праграмы супрацоўніцтва паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Новы дакумент рэгламентуе сумесную работу ў галіне біялогіі, геаграфіі, хіміі, матэматыкі, турызму, вывучэння іспанскай і рускай моў. У бліжэйшых планах ВНУ - акадэмічная мабільнасць, арганізацыя стажыровак, гасцявых лекцый, правядзенне навуковых даследаванняў, а таксама сумесная падрыхтоўка спецыялістаў. Для гэтага бакі падпісалі мемарандум аб намерах распрацоўкі сумесных адукацыйных праграм, якія будуць падрыхтаваны з перспектывай выдачы двайных дыпломаў (магістратура) у сферы біялогіі, матэматыкі, хіміі, геаграфіі, турызму і замежных моў.
У час візіту беларуская дэлегацыя сустрэлася з намеснікам міністра вышэйшай адукацыі Кубы Рэінальда Веласкесам Салдзіварам. У абмеркаванні міжвузаўскага ўзаемадзеяння дзвюх краін удзельнічаў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Куба Валерый Бараноўскі.
Кіраўніцтва БДУ таксама мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі Педагагічнага ўніверсітэта Энрыке Хасэ Варона, Вышэйшага інстытута міжнародных адносін Рауль Роа Гарсія, Батанічнага саду Гаваны і фармацэўтычных кампаній. Перагаворы прызначаны ўмацаваць супрацоўніцтва паміж краінамі ў адукацыі, навуцы, а таксама пашырыць экспартныя паслугі Беларускага ўніверсітэта.