11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўдастоіў высокіх узнагарод і Падзякі Прэзідэнта ўдзельнікаў і арганізатараў касмічнага палёту першага беларускага касманаўта ў суверэннай гісторыі краіны. У час урачыстай цырымоніі ў Палацы Незалежнасці 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка асабіста ўзнагародзіў касманаўтаў і арганізатараў палёту з беларускага боку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За мужнасць, праяўленую пры ажыццяўленні касмічнага палёту, значны асабісты ўклад у асваенне космасу званне Героя Беларусі прысвоена касманаўту Марыне Васілеўскай.
Ордэнам Пашаны ўзнагароджаны старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, медалём "За працоўныя заслугі" - генеральны дырэктар авіякампаніі "Белавія" Ігар Чаргінец. Спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта кіраўнік дзяржавы ўручыў касманаўту Настассі Лянковай і намесніку начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Беларусі Івану Бучу.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў падзячныя пісьмы Прэзідэнта бацькам Марыны Васілеўскай і Настассі Лянковай.
У адпаведнасці з указам і распараджэннем, падпісанымі раней кіраўніком дзяржавы, узнагароджаны таксама прадстаўнікі расійскага боку.
Ордэна Дружбы народаў удастоены генеральны дырэктар дзяржаўнай карпарацыі па касмічнай дзейнасці "Раскосмас" Юрый Барысаў.
Падзяка Прэзідэнта Беларусі аб'яўлена выканаўчаму дырэктару па пілатуемых касмічных праграмах дзяржкарпарацыі "Раскосмас" Сяргею Крыкалёву, касманаўту-выпрабавальніку Навукова-даследчага выпрабавальнага цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына Алегу Навіцкаму і начальніку гэтага цэнтра Максіму Харламаву.