9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей на 51-й Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі заклікаў прадстаўнікоў краін ЕС да хутчэйшага пераводу двухбаковага ўзаемадзеяння ў нармальнае канструктыўнае рэчышча. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
8 лютага завяршыўся рабочы візіт Уладзіміра Макея ў Германію. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства прыняў удзел у рабоце 51-й Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі, якая з'яўляецца адным з найбольш прадстаўнічых і аўтарытэтных міжнародных форумаў па пытаннях палітыкі бяспекі і супрацоўніцтва ў ваеннай сферы.
У ходзе канферэнцыі Уладзімір Макей правёў двухбаковыя сустрэчы з Федэральным міністрам замежных спраў ФРГ Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, намеснікам старшыні Еўракамісіі - Высокім прадстаўніком Еўрасаюза па пытаннях агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыкай Магерыні, міністрамі замежных спраў Італіі, Егіпта, Кеніі, Афганістана, міністрам абароны Пакістана, калегамі з шэрага іншых краін.
У ходзе сустрэч з прадстаўнікамі з краін ЕС міністр давёў падыходы беларускага боку па далейшым развіцці дыялогу з Бруселем, заклікаў да хутчэйшага пераводу двухбаковага ўзаемадзеяння ў нармальнае канструктыўнае рэчышча. Пры абмеркаванні канфлікту ва Украіне ён падкрэсліў пільную патрэбу хутчэйшага спынення агню паміж канфліктуючымі бакамі. Таксама Уладзімір Макей давёў субяседнікам беларускія прапановы па ўрэгуляванні сітуацыі ў рэгіёне.
У рамках работы па дыверсіфікацыі беларускага экспарту з прадстаўнікамі Афганістана, Егіпта, Кеніі і Пакістана абмеркаваны шляхі інтэнсіфікацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Дасягнуты дамоўленасці аб актывізацыі ўзаемадзеяння ў палітычнай сферы і на міжнароднай арэне.