10 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей 10 кастрычніка ў час рабочага візіту ў Польшчу сустрэўся з польскім калегам Вітольдам Вашчыкоўскім, паведамляецца ў твітар-акаўнце МЗС Беларусі, перадае БЕЛТА.
Візіт прымеркаваны да 25-годдзя падпісання Дэкларацыі аб добрасуседстве, узаемным прызнанні і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Польшчай. Запланаваны сустрэчы з іншымі прадстаўнікамі кіраўніцтва Польшчы для абмеркавання актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва.
У бягучым годзе адбылася прыкметная актывізацыя беларуска-польскага дыялогу. Аб гэтым сведчыць, у прыватнасці, серыя візітаў у Беларусь кіраўніцтва міністэрстваў замежных спраў, сельскай гаспадаркі, аховы прыроды, транспарту, марской гаспадаркі Польшчы, аднаўленне міжпарламенцкага дыялогу, інтэнсіўная работа міжурадавых камісій і галіновых рабочых груп.