29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Грузія маюць падобныя погляды на пашырэнне сваіх інтарэсаў у ААН, АБСЕ, у ініцыятыве "Усходняе партнёрства". Аб гэтым сёння журналістам заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках перагавораў з кіраўніком грузінскага знешнепалітычнага ведамства Тамар Беручашвілі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У час перагавораў Уладзімір Макей і Тамар Беручашвілі абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння ў такіх арганізацыях, як ААН, АБСЕ, а таксама ў ініцыятыве "Усходняе партнёрства". "У нас ёсць поўнае разуменне і падобныя погляды на пашырэнне інтарэсаў нашых краін у гэтых арганізацыях", - адзначыў Уладзімір Макей.
Акрамя ўзаемадзеяння ў рэгіянальных, міжнародных арганізацыях, міністры абмеркавалі перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Паводле слоў Уладзіміра Макея, цяпер рыхтуецца шэраг прапаноў і канкрэтных мерапрыемстваў, якія будуць нацэлены на далейшае паглыбленне двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Ён нагадаў, што ў час візіту ў Грузію Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў красавіку гэтага года была пастаўлена задача дасягнуць тавараабароту ў памеры $200 млн. "Мы мэтанакіравана працуем над рэалізацыяй гэтай задачы", - падкрэсліў міністр. Так, ужо створана беларуская частка сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Грузінскі бок у бліжэйшы час вызначыцца з сустаршынёй сваёй часткі камісіі.
Міністры сышліся на думцы, што ў гэтым годзе Беларусь і Грузія, па сутнасці, паўторна адкрылі адна адну. Гэтаму пасадзейнічалі дамоўленасці, дасягнутыя ў ходзе візіту беларускага лідара. Яны надалі новы імпульс развіццю двухбаковых адносін ва ўсіх сферах узаемадзеяння, рэзюмаваў Уладзімір Макей.