11 красавіка, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. У Беларусі і Балгарыі ёсць дакладнае разуменне далейшага развіцця адносін. Аб гэтым сёння заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей на сустрэчы з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Балгарыі Даніэлам Мітавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Макей адзначыў, што з Даніэлам Мітавым яны паспелі абмеркаваць шырокае кола пытанняў і па выніках гэтых перагавораў бакі прадэманстравалі дакладнае разуменне, як рухацца далей у развіцці адносін, якія крокі трэба зрабіць.
Міністр замежных спраў Беларусі адзначыў, што візіт Даніэла Мітава ў Беларусь вельмі своечасовы. Ён праходзіць пасля адмены антыбеларускіх санкцый ЕС, што стварае добры базіс для далейшага супрацоўніцтва.
Бакі сышліся на думцы, што візіт у Беларусь міністра замежных спраў Балгарыі, старшыні камітэта міністраў Савета Еўропы павінен паслужыць умацаванню ўзаемавыгадных двухбаковых адносін, развіццю дыялогу Беларусі з Еўрасаюзам.
Па выніках перагавораў Даніэл Мітаў адзначыў пазітыўныя змяненні ў адносінах ЕС і Беларусі. Балгарыя, паводле яго слоў, будзе садзейнічаць таму, каб гэта тэндэнцыя захавалася ў будучым.