15 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прыме ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая адбудзецца 16-18 лютага. Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Асноўнымі пытаннямі на канферэнцыі стануць перспектывы еўрапейскай архітэктуры бяспекі, барацьбы з тэрарызмам, актуальныя міжнародныя канфлікты, а таксама праблематыка бяспекі ў сферах энергетыкі і аховы здароўя, кібербяспекі.
Плануецца сустрэча міністра з арганізатарамі Мюнхенскай канферэнцыі, а таксама кіраўнікамі некаторых арганізацый. Прадугледжваецца абмеркаванне шырокага спектра пытанняў, у тым ліку беларускіх ініцыятыў па ўмацаванні міжнароднай бяспекі.
Канферэнцыя праводзіцца з 1963 года і з'яўляецца адным з найбольш прадстаўнічых і аўтарытэтных сусветных форумаў у галіне палітыкі бяспекі і супрацоўніцтва ў ваенна-палітычнай сферы.