17 красавіка, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прапанаваў сёння на сустрэчы з Еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам абмяняцца меркаваннямі наконт маючага адбыцца саміту "Усходняга партнёрства", які пройдзе ў Рызе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Хацелася б абмяняцца і меркаваннямі наконт еўрапейскай палітыкі добрасуседства, якая цяпер змяняецца", - дадаў Уладзімір Макей. Акрамя таго, кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства павітаў прадстаўніка Еўрасаюза і падкрэсліў, што візіт Ёханеса Хана сведчыць аб пазітыўнай дынаміцы развіцця двухбаковых адносін з Беларуссю.
Як паведамлялася, Ёханес Хан 16-17 красавіка знаходзіцца з рабочым візітам у Беларусі. Запланаваны шэраг афіцыйных сустрэч для абмеркавання актуальных пытанняў узаемадзеяння Беларусі і ЕС, а таксама рэалізацыі ініцыятывы "Усходняе партнёрства". На сустрэчы з Уладзімірам Макеем ён таксама заявіў, што атрымаў магчымасць сустрэцца і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.