24 лістапада, Брусель /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на палях саміту "Усходняга партнёрства" правёў кароткія сустрэчы з замежнымі лідарамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Нягледзячы на тое, што само пасяджэнне ўдзельнікаў саміту праходзіць у закрытым рэжыме, прадстаўнікі прэсы былі дапушчаны да месца правядзення форуму перад яго пачаткам.
У прыватнасці, у полі зроку журналістаў трапілі моманты размовы кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргсянам і Вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах і бяспецы Федэрыкай Магерыні, а таксама прадстаўнікамі іншых краін.
У час афіцыйнай цырымоніі сустрэчы Уладзіміра Макея віталі старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск і прэм'ер-міністр Эстоніі (краіна, якая старшынствуе цяпер у ЕС) Юры Ратас.
Удзел Беларусі ў саміце ў гутарцы з журналістамі адзначыла і Федэральны канцлер Германіі Ангела Меркель, а Прэзідэнт Румыніі Клаус Ёханіс заявіў прадстаўнікам беларускіх СМІ аб важнасці Беларусі ў якасці партнёра еўрапейскай ініцыятывы. Ён таксама выказаў аптымізм наконт далейшага развіцця адносін.
"Усходняе партнёрства" - ініцыятыва ЕС, накіраваная на ўмацаванне ўзаемаадносін паміж Еўрапейскім саюзам і Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Гэта ініцыятыва з'явілася як асаблівы ўсходні працяг Еўрапейскай палітыкі суседства, якая прадугледжвае наладжванне як двухбаковых, так і шматбаковых адносін.