18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сёння ў час удзелу ў міжнароднай відэаканферэнцыі ў рамках ініцыятывы "Пояс і шлях" падкрэсліў непрымальнасць палітызацыі пытанняў пандэміі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства звярнуў увагу на права кожнай дзяржавы самастойна вызначаць тактыку і стратэгію барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса. "COVID-19 - гэта новая рэальнасць, і свет павінен мабілізаваць свае намаганні для перамогі над пандэміяй і пераадолення далейшага сусветнага эканамічнага крызісу. Адзіная рухаючая сіла гэтых намаганняў павінна грунтавацца на разважлівасці. Любая палітызацыя рэальнасці каранавіруса можа толькі павялічыць шкоду і адкласці выздараўленне", - сказаў міністр.
Ён адзначыў, што ўзаемныя абвінавачванні і гандлёвы пратэкцыянізм рузбураюць даўнюю шматбаковую гандлёвую сістэму, а цяжкі час вядзе да дыскрымінацыі, расізму і ксенафобіі, якія не павінны мець месца ў сучасным грамадстве, асабліва калі краіны сутыкаюцца з буйнейшым сусветным крызісам гэтага стагоддзя. "Толькі сумеснымі скаардынаванымі намаганнямі мы зможам перамагчы вірус і яго негатыўныя наступствы", - перакананы дыпламат.
Уладзімір Макей падзякаваў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за дапамогу і выказаў зацікаўленасць у развіцці плённага супрацоўніцтва з СААЗ і ААН у духу адзінства, салідарнасці і ўзаемнай падтрымкі. Закранаючы ўдзел Беларусі ў ініцыятыве "Пояс і шлях", міністр пацвердзіў зацікаўленасць краіны ў сумесных лагістычных праектах і стварэнні высокатэхналагічных вытворчасцей.
Відэаканферэнцыя была арганізавана МЗС Кітая. Яна стала адным з мерапрыемстваў, якія праводзіліся па выніках мінулагодняга міжнароднага форуму "Пояс і шлях". Сустрэча прайшла пад старшынствам члена Дзяржсавета КНР, міністра замежных спраў Ван І. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі 25 краін, на канферэнцыі таксама выступілі генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус і адміністратар ПРААН Ахім Штайнер.
Як расказалі ў беларускім МЗС, удзельнікі дыскусіі абмеркавалі барацьбу з пандэміяй каранавіруса, шляхі аднаўлення эканомік, а таксама рэалізацыю сумесных праектаў у рамках ініцыятывы "Пояс і шлях".
"Па выніках мерапрыемства была прынята сумесная заява, якая прызначана садзейнічаць данясенню пазітыўных сігналаў краін па ўмацаванні супрацоўніцтва ў барацьбе з пандэміяй, пашырэнню ініцыятывы "Пояс і шлях", узгадненню падыходаў у галіне барацьбы з пандэміяй і аднаўлення сацыяльна-эканамічнага развіцця", - расказалі ў міністэрстве.