8 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Для Беларусі важны ўсе інтэграцыйныя аб'яднанні, у якіх яна ўдзельнічае. Аб гэтым заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Маскве міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы не хацелі б гаварыць, што для нас больш прыярытэтна - Саюзная дзяржава, Еўразійскі эканамічны саюз, СНД або АДКБ, - сказаў Уладзімір Макей. - Для нас важны ўсе гэтыя арганізацыі, і мы будзем актыўна працаваць у іх".
Міністр лічыць, што чым больш Беларусь будзе ўдзельнічаць у розных рэгіянальных інтэграцыйных структурах, тым будзе лепш для краіны, паколькі цяпер тры чвэрці ўсяго сусветнага гандлю ажыццяўляецца цераз розныя інтэграцыйныя аб'яднанні.
Уладзімір Макей адзначыў, што Саюзная дзяржава паслужыла своеасаблівым правобразам для стварэння ЕАЭС, аднак пакуль ЕАЭС яшчэ вельмі далёка ад узроўню інтэграцыі, дасягнутай у Саюзнай дзяржаве. ЕАЭС нацэлена на эканамічнае супрацоўніцтва, але па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах у ім існуе мноства праблем, у тым ліку вялікая колькасць выключэнняў і абмежаванняў. "Шэраг дзяржаў пакуль не гатовы стварыць паўнацэнную адзіную эканамічную прастору, - лічыць Уладзімір Макей. - Цяпер існуюць пяць асобных эканамічных праграм у ЕАЭС. Задача зрабіць так, каб стварэнне адзінай эканамічнай прасторы завяршылася як мага хутчэй".
Міністр таксама адзначыў, што некалькі дзясяткаў дзяржаў праявілі цікавасць да пашырэння супрацоўніцтва з ЕАЭС, у прыватнасці, пагадненне аб зоне свабоднага гандлю заключана паміж ЕАЭС і В'етнамам. "Мы зацікаўлены, каб як мага больш краін стварылі зоны свабоднага гандлю з ЕАЭС", - сказаў Уладзімір Макей.