13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выступае за максімальна хуткае ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне дыпламатычным шляхам. Аб гэтым кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей заявіў на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у Душанбэ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Уладзімір Макей у сваім выступленні падкрэсліў, што Беларусь выступае за максімальна хуткае ўрэгуляванне канфлікту дыпламатычным шляхам на аснове балансу інтарэсаў і пабудову збалансаванага і ўстойлівага механізма еўрапейскай бяспекі.
Міністр звярнуў увагу, што спробы абмежаваць удзел Беларусі і Расіі ў міжнародных справах не толькі не ўнясуць уклад ва ўрэгуляванне сітуацыі ва Украіне, але і створаць дадатковую рызыку перспектывам мірнага перагаворнага працэсу, у арганізацыі якога значную ролю адыграла і Беларусь.
Кіраўнік МЗС Беларусі таксама выступіў за ўмацаванне шматбаковага ўзаемадзеяння дзяржаў - удзельніц Садружнасці і больш цесную каардынацыю дзеянняў на знешнім контуры.
На пасяджэнні міністры замежных спраў абмяняліся меркаваннямі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня і ўзаемадзеяння ў СНД. Абмеркавалі бягучую сітуацыю на прасторы Садружнасці, удзяліўшы асаблівую ўвагу праблематыцы процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам міжнароднай бяспецы.
"Разгледжаны пытанні, якія датычацца выканання Праграмы дзеянняў па актывізацыі партнёрства паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзяржаў - удзельніц СНД, рэалізацыі Плана шматузроўневых кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў у рамках СНД, а таксама ўзаемадзеяння дзяржаў у галіне навуковых даследаванняў, маладзёжнага супрацоўніцтва і турызму", - расказалі ў прэс-службе МЗС.
Па выніках пасяджэння падпісаны дакументы па паглыбленні супрацоўніцтва на прасторы СНД у знешнепалітычнай і гуманітарнай сферах. Міністры замежных спраў, у прыватнасці, прынялі рашэнне аб наданні Беларускай натарыяльнай палаце статусу базавай арганізацыі дзяржаў - удзельніц СНД у сферы натарыяльнай дзейнасці, а таксама адобрылі і ўнеслі на разгляд Савета кіраўнікоў урадаў СНД праект рашэння аб Міжнародным праекце "Маладзёжная сталіца СНД".
Бакі выказаліся таксама за прадаўжэнне рэалізацыі Праграмы дзеянняў па актывізацыі партнёрства паміж знешнепалітычнымі ведамствамі для ўмацавання шматпланавага супрацоўніцтва.