15 чэрвеня, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Беларусь разглядае АБСЕ ў якасці важнай пляцоўкі для перагавораў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках перагавораў з генеральным сакратаром АБСЕ Ламберта Заньерам і дырэктарам БДІПЧ АБСЕ Георгам Лінкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь разглядае АБСЕ ў якасці важнага міжнароднага форуму для дыялогу па прынцыповых пытаннях, якія маюць першараднае значэнне для бяспекі і супрацоўніцтва ў рэгіёне", - сказаў міністр.
Уладзімір Макей адзначыў, што сённяшнія перагаворы былі плённымі і датычыліся ўсяго спектра пытанняў узаемадзеяння з гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй. "Адначасова адбыўся і абмен думкамі па пытаннях еўрапейскай бяспекі", - дадаў ён.
Акрамя таго, міністр падкрэсліў, што Беларусь актыўна ўдзельнічае ў рабоце калектыўных органаў АБСЕ, прагматычна ўзаемадзейнічае з яе сакратарыятам і ўсімі структурамі, уключаючы БДІПЧ. Ён адзначыў у гэтым кантэксце важнасць праектнага ўзаемадзеяння. Сёння на перагаворах, як растлумачыў Уладзімір Макей, быў узгоднены пакет праектаў тэхнічнай дапамогі для рэалізацыі іх у будучым у Беларусі. "Спадзяёмся на прадаўжэнне цеснага і канструктыўнага ўзаемадзеяння з АБСЕ", - заявіў кіраўнік МЗС Беларусі.