4 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусі і ЕС трэба сесці за стол перагавораў і вызначыцца, як спрасціць праходжанне граніцы. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта адна з нашых многіх прапаноў, якая звязана з аблягчэннем рэжыму праходжання сумеснай граніцы з Еўрапейскім саюзам. Што для гэтага трэба? Патрэбна перш за ўсё гатоўнасць абодвух бакоў", - падкрэсліў Уладзімір Макей.
Ён дадаў, што азнаёміўся з водгукамі на форумах наконт гэтага пытання: нехта адзначае праблемы з беларускага боку, але пераважная большасць выказваецца аб затрымках з боку еўрапейскіх суседзяў. "Трэба проста сесці за стол перагавораў і вызначыцца, што нам трэба для таго, каб і перавозчыкі, і звычайныя грамадзяне праходзілі гэту граніцу ў нармальным рэжыме, каб не было такога, што людзі чакаюць па 10-15 гадзін, а тое і суткі, асабліва калі гэта прыпадае на святы", - лічыць міністр.
Для забеспячэння больш высокага ўзроўню тэхнічнага аснашчэння прыгранічнай інфраструктуры патрэбны ў тым ліку фінансавыя затраты. У Беларусі ўжо шмат зроблена ў гэтым напрамку, заўважыў Уладзімір Макей.
"Тут трэба проста сесці і вызначыцца разам з нашымі партнёрамі ўсім зацікаўленым бакам: гэта і пагранічнікі, і мытнікі, і прадстаўнікі адпаведных міністэрстваў", - рэзюмаваў міністр.