16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і ААЭ імкнуцца да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва па самым шырокім коле пытанняў. Аб гэтым заявіў сёння міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у час трэцяга пасяджэння сумеснага камітэта па супрацоўніцтве паміж урадамі Беларусі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Макей адзначыў, што супрацоўніцтва паміж краінамі ў розных сферах значна актывізавана, развіваюцца кантакты па лініях міністэрстваў і ведамстваў, павялічваецца турыстычны абмен. "Гэта падкрэслівае ўзаемнае імкненне да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва па самым шырокім коле пытанняў", - заявіў міністр.
Беларусь і ААЭ рэгулярна праводзяць сустрэчы на розных узроўнях. Гэта лепш за ўсё пацвярджае дружалюбны характар адносін паміж краінамі.
"Аб'яднаныя Арабскія Эміраты з'яўляюцца адным з вядучых гандлёвых партнёраў Беларусі на Блізкім Усходзе. Разам з тым хачу падкрэсліць, што мы ўсё яшчэ даволі далёкія ад выкарыстання ў поўнай меры існуючых магчымасцей, - сказаў Уладзімір Макей. - Мы павінны пераходзіць ад простага гандлю да глыбокай вытворчай кааперацыі, якая прадугледжвае стварэнне сумесных прадпрыемстваў і перадачу тэхналогій".
У краін ёсць перспектывы развіваць узаемадзеянне ў сферах інвестыцый, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, спорту, турызму, аховы здароўя, навукі.
У сваю чаргу дзяржаўны міністр па замежных справах ААЭ Анвар Мухамед Гаргаш заўважыў, што паміж дзвюма дзяржавамі існуюць выдатныя ўзаемаадносіны, у тым ліку ў палітычнай сферы. "Асноўны выклік, які цяпер стаіць перад намі, - якім чынам мы можам трансфармаваць гэту добрую базу двухбаковага супрацоўніцтва ў развіццё адносін у гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферы", - падкрэсліў ён.
Трэцяе пасяджэнне сумеснага камітэта па супрацоўніцтве паміж урадамі Беларусі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў праходзіць у Міністэрстве замежных спраў 15-16 снежня. Беларускі бок на мерапрыемстве ўзначальвае Уладзімір Макей, эмірацкі - дзяржаўны міністр па замежных справах Анвар Мухамед Гаргаш.