24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 24 лютага сустрэўся з дэлегацыяй Еўрапейскага саюза на чале з намеснікам генеральнага дырэктара Еўрапейскай камісіі па пытаннях суседства і перагавораў аб пашырэнні Катарынай Мацернавай і віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Ласла Бараняй, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
На сустрэчы былі абмеркаваны далейшыя крокі па актывізацыі гандлёва-эканамічнага і фінансавага супрацоўніцтва Беларусі з ЕС, перспектывы ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, шляхі інтэнсіфікацыі беларуска-еўрапейскага галіновага дыялогу, а таксама магчымасці пашырэння інструментарыю і аб'ёмаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС для Беларусі.
Перагаворы з прадстаўнікамі Еўракамісіі і ЕІБ правяла намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына.
У час знаходжання дэлегацыі ЕС у Мінску адбыліся таксама сустрэчы яе членаў з кіраўніцтвам Нацыянальнага банка, Міністэрства эканомікі, Міністэрства фінансаў, а таксама ў Адміністрацыі Прэзідэнта.