8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэлефонная размова міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з дзяржаўным сакратаром ЗША Майклам Пампеа адбылася 6 студзеня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
У ходзе размовы кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЗША растлумачыў прычыны пераносу тэрміну свайго візіту ў Беларусь.
З беларускага боку пацверджана гатоўнасць прыняць дзяржаўнага сакратара ЗША з візітам ва ўзаемапрымальныя даты, адзначана важнасць адкрытага абмену думкамі па пытаннях развіцця двухбаковых адносін, сітуацыі ў рэгіёне і свеце ў цэлым.
Пры абмеркаванні сітуацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне Уладзімір Макей выказаў асуджэнне любых дзеянняў, якія парушаюць прадугледжаныя Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах прывілеі і імунітэты дыпламатычных прадстаўніцтваў. Ён заявіў, што беларускі бок заклікае ўсе бакі праяўляць стрыманасць і імкнуцца да дээскалацыі напружанасці, а таксама падкрэсліў неабходнасць выканання прынцыпаў міжнароднага права ў мэтах устойлівага забеспячэння міжнароднай бяспекі ў глабальным і рэгіянальным вымярэннях.