3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні развіцця супрацоўніцтва Беларусі з Саветам Еўропы абмеркавалі міністр замежных спраў Уладзімір Макей і генеральны сакратар гэтай еўрапейскай арганізацыі Турб'ёрн Ягланд сёння ў Бялградзе (Сербія). Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
3-4 снежня ў Бялградзе праходзіць 22-я сустрэча Савета міністраў замежных спраў (СМЗС) дзяржаў - удзельніц АБСЕ. Беларускую дэлегацыю на СМЗС узначальвае міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства выступіў на пленарным пасяджэнні міністэрскай сустрэчы. У сваім выступленні ён адзначыў, што ў рэгіёне АБСЕ склалася якасна новая сітуацыя ў сферы бяспекі, якая характарызуецца крытычным абвастрэннем выклікаў і пагроз, якія выпрабоўваюць на трываласць асновы арганізацыі.
Уладзімір Макей акцэнтаваў неабходнасць умацавання бяспекі і стабільнасці ў Еўропе, павышэння даверу праз ўзаемапаважлівы дыялог, заклікаў да кансалідацыі намаганняў дзяржаў-удзельніц і самой арганізацыі. Міністрам было заяўлена, што Беларусь гатова нарошчваць свой уклад у агульныя намаганні, у тым ліку па такіх напрамках, як кантроль над узбраеннямі, барацьба з тэрарызмам і нелегальнай міграцыяй, падтрымка мірнага працэсу ва Украіне.
На палях СМЗС Уладзімір Макей прыняў удзел у нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў дзяржаў - членаў АДКБ, на якой прынята сумесная заява аб ролі АБСЕ ў сістэме агульнаеўрапейскай бяспекі.
Кіраўнік МЗС Беларусі правёў рабочыя сустрэчы з міністрам замежных спраў Італіі Паола Джэнцілоні і міністрам замежных спраў Эстоніі Марынай Кальюранд. Абмеркаваны шырокі спектр пытанняў двухбаковага парадку дня і ўзаемадзеяння па лініі Беларусь-ЕС.
У час сустрэчы з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Чарнагорыі Ігарам Лукшычам падпісаны пратакол аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх дзяржаў і намечаны перспектыўныя напрамкі інтэнсіфікацыі ўзаемадзяння.
Пасяджэнне СМЗС АБСЕ прадоўжыцца 4 снежня і завершыцца прыняццем шэрага падагульняючых дакументаў.