Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

15 Кст 2018

Макей і еўракамісар Хан абмеркавалі прыярытэты партнёрства Беларусі і ЕС

Макей і еўракамісар Хан абмеркавалі прыярытэты партнёрства Беларусі і ЕС
Фота МЗС

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 15 кастрычніка прыняў удзел у дзявятай штогадовай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін - удзельніц ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства" (УП) і краін - членаў Еўрапейскага саюза па запрашэнні высокага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, віцэ-старшыні Еўракамісіі Федэрыкі Магерыні і еўракамісара па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханеса Хана, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.

У час мерапрыемства быў разгледжаны прагрэс у рэалізацыі 20 ключавых прыярытэтаў "Усходняга партнёрства" на перыяд да 2020 года, зацверджаных на Брусельскім саміце "Усходняга партнёрства" ў лістападзе 2017 года. Дэлегацыі таксама абмяняліся меркаваннямі па актуальных пытаннях міжнародных адносін, уключаючы сітуацыю ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне і падрыхтоўку шэрага мерапрыемстваў з нагоды 10-годдзя "Усходняга партнёрства" ў 2019 годзе. У сваім выступленні на пленарнай сесіі Уладзімір Макей выказаў пазіцыю Беларусі аб неабходнасці захавання і далейшага развіцця "Усходняга партнёрства" як інклюзіўнай, прагматычнай і неканфрантацыйнай ініцыятывы і хутчэйшага ажыццяўлення дасягнутых дамоўленасцей. Ён прадставіў падыходы беларускага боку да рэалізацыі сумесных з ЕС праектаў у эканамічна значных сферах.

У час асобнай двухбаковай сустрэчы Уладзімір Макей і еўракамісар Ёханес Хан абмеркавалі ход работы па заключэнні прыярытэтаў партнёрства паміж Беларуссю і ЕС на 2018-2020 гады, пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі, запланаваныя візіты на высокім узроўні і ўзаемадзеянне з Еўрапейскім парламентам.

На палях мерапрыемства Уладзімір Макей таксама правёў двухбаковую сустрэчу з міністрам замежных спраў і гандлю Венгрыі Петэрам Сіяртам. Міністры пазітыўна ацанілі дынаміку палітычнага дыялогу і развіцця кантактаў паміж міністэрствамі замежных спраў, высокі ўзровень двухбаковага ўзаемадзеяння ў эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах, падкрэслілі важнасць рэгулярнай работы міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, чарговае пасяджэнне якой запланавана на пачатак лістапада ў Мінску, а таксама абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый і дыялог Беларусі з ЕС.

Акрамя таго, Уладзімір Макей абмеркаваў з намеснікам кіраўніка ўрада, міністрам замежных спраў і гандлю Ірландыі Сайманам Ковені шляхі развіцця беларуска-ірландскіх палітычных і гандлёва-эканамічных адносін, узаемадзеянне па лініі Беларусь-ЕС, а таксама супрацоўніцтва ў рамках міжнародных арганізацый. Міністр замежных спраў Беларусі з удзячнасцю адзначыў вялікі ўклад Ірландыі ў падтрымку Беларусі ў пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Бакамі таксама падкрэслена ўзаемная зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва паміж бізнес-коламі дзвюх краін.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі