17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэлефонная размова міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея з намеснікам старшыні Еўрапейскай камісіі, высокім прадстаўніком Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпам Барэлем адбылася 16 лістапада. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Бакі абмеркавалі сітуацыю, якая складваецца на граніцы Беларусі і ЕС.
Уладзімір Макей давёў да субяседніка інфармацыю аб узмацненні міграцыйнага рэжыму ў Беларусі. "Асобна акцэнтаваў увагу на значных намаганнях беларускага боку па забеспячэнні мігрантаў гуманітарнай дапамогай, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з грамадскімі і міжнароднымі арганізацыямі, уключаючы Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Міжнародную арганізацыю па міграцыі, Міжнародны дзіцячы фонд, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа і Паўмесяца і іншыя", - расказалі ў МЗС.
Міністр пацвердзіў нацэленасць Беларусі на сумесны пошук шляхоў вырашэння існуючых праблем, уключаючы хутчэйшае ўрэгуляванне міграцыйнага крызісу.
Пры гэтым падкрэслена прынцыповая пазіцыя беларускага боку аб непрымальнасці санкцый як інструмента палітыкі ў адносінах да суверэннай і незалежнай дзяржавы, іх негатыўных наступствах як для двухбаковых адносін, так і для рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі ў цэлым.
Бакі дамовіліся аб прадаўжэнні кантактаў па лініі Беларусь - ЕС.