15 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звяртае ўвагу на нерацыянальнае выкарыстанне вызваляемых у Мінску капітальных збудаванняў прамысловых прадпрыемстваў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, заслухоўваючы даклад аб выкарыстанні дзяржаўнай маёмасці, размешчанай у межах вуліц Кульман, Веры Харужай і Якуба Коласа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Прэзідэнта, гэта мерапрыемства мае своеасаблівы кантрольны характар. "Я хачу пераканацца ў тым, наколькі дакладна і правільна выконваюцца рашэнні Прэзідэнта. Тым не менш ёсць і іншыя прычыны разгляду гэтага пытання на маім узроўні, - сказаў ён. - Справа ў тым, што апошнім часам шырокі грамадскі рэзананс атрымала сітуацыя з нерацыянальным выкарыстаннем вызваляемых у нашай сталіцы капітальных збудаванняў прамысловых прадпрыемстваў. Размешчаны яны ў цэнтры горада і могуць быць выгадна рэалізаваны інвестарам. Пакуль так не атрымліваецца па асобных прадпрыемствах".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пытанні па адчужэнні дзяржуласнасці, якая знаходзіцца ў бязвыплатным карыстанні арганізацый, не вырашаюцца гадамі. Адзін з прыкладаў - яшчэ ў студзені 2014 года Прэзідэнт даў распараджэнне аб адчужэнні 18 невыкарыстоўваемых дзяржаўных будынкаў Мінскага вытворчага аб'яднання вылічальнай тэхнікі. Згодна з гэтым распараджэннем на працягу года маёмасць павінна была быць рэалізавана на аўкцыёне.
"Рабочая група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі зацікаўленых органаў, у тым ліку Камітэта дзяржаўнага кантролю, у 2014-2015 гадах правяла чатыры адкрытыя аўкцыёны. Ні адзін з іх не быў прызнаны праведзеным з-за адсутнасці ўдзельнікаў", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што цяпер з'явіліся новыя магчымасці для адчужэння гэтых аб'ектаў, а ўрад падрыхтаваў і ўнёс адпаведны новы праект распараджэння Прэзідэнта.
"Месца прывабнае. Адпаведныя службы мяне інфармуюць аб розных хітраспляценнях вакол гэтага пытання. Нехта пайшоў па сваяках, знаёмых. Нехта кагосьці лабіруе. Хтосьці хоча бясплатна, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Улічваючы ўсё гэта, я хацеў паглядзець на гэта пытанне асабіста і публічна, каб больш не было размоў, што тут нехта за спінай у Прэзідэнта круціць-верціць".
Перад удзельнікамі нарады кіраўнік дзяржавы паставіў шэраг канкрэтных пытанняў. Яны датычацца таго, якія канкрэтна прапановы ўнесены патэнцыяльным пакупнікам, наколькі яны адпавядаюць патрабаванням горадабудаўнічых норм і ці выгадныя дзяржаве, ці ўлічаны інтарэсы радавых грамадзян у праекце распараджэння і на якіх умовах будзе ажыццёўлены продаж, ці рацыянальныя прапанаваныя падыходы ў цэлым.
"Але самае галоўнае пытанне: чаму ў такім месцы дзяржава ў асобе райвыканкама, гарвыканкама і ўрада адмаўляецца ад выкарыстання ў інтарэсах той жа дзяржавы гэтых плошчаў? Гэта што, нежаданне, няздольнасць, або ёсць аб'ектыўныя прычыны? А па-другое - прапановы патэнцыяльных пакупнікоў", - падкрэсліў Прэзідэнт.