6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запрасіў Прэзідэнта Балгарыі Румена Радзева наведаць Беларусь. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў сёння ў Сафіі журналістам пасля перагавораў з міністрам замежных спраў Балгарыі Кацярынай Захарыевай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Запрашэнне ад кіраўніка беларускай дзяржавы Румену Радзеву перадаў Уладзімір Макей у час сустрэчы ў Сафіі.
Міністр таксама адзначыў, што беларускі бок рыхтуе візіт у Балгарыю кіраўніка верхняй палаты парламента Наталлі Качанавай. Ён павінен адбыцца ў другой палове бягучага года. "Упэўнены, што гэтыя візіты дадуць магчымасць вывесці нашы адносіны на якасна новы ўзровень", - заявіў Уладзімір Макей.
Паводле яго слоў, у Беларусі і Балгарыі няма прынцыповых рознагалоссяў, якія могуць перашкаджаць развіццю двухбаковых кантактаў. "Мы сышліся на думцы аб неабходнасці пашырэння кантактаў паміж урадамі, дзяржаўнымі органамі, рознымі арганізацыямі, - сказаў кіраўнік беларускага МЗС. - Вядома, асновай нашага супрацоўніцтва з'яўляецца эканамічнае ўзаемадзеянне. Цікавасць для нас уяўляе ўстанаўленне новых і ўмацаванне існуючых сувязей паміж дзелавымі коламі нашых дзяржаў".
Як паведамлялася, міністр замежных спраў Беларусі зрабіў у гэтыя дні першы ў гісторыі двухбаковых адносін афіцыйны візіт у Балгарыю. Уладзімір Макей правёў у Сафіі таксама сустрэчы з Прэзідэнтам Руменам Радзевым, старшынёй Народнага сходу Цветай Караянчавай і прадстаўнікамі балгарскага бізнесу.