6 кастрычніка, Слуцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы сёння з рабочай паездкай Слуцкі раён, даручыў губернатару Мінскай вобласці Анатолю Ісачанку наладзіць у рэгіёне жалезную дысцыпліну, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Жалезная павінна быць дысцыпліна. Убачыў, што нешта не так, сказаў адзін раз. Не зрабілі - патрабуй па поўнай і не глядзі, прыватнае прадпрыемства ці не", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на безадказнае стаўленне асобных гаспадарак да пасяўных плошчаў. Так, пралятаючы на верталёце, Прэзідэнт заўважыў, што вялікія ўчасткі з кукурузай аказаліся затоплены вадой. "Гэта сведчыць аб тым, што мы часам не думаем, дзе сеяць і як будзем убіраць. Там, дзе павінны быць травы, вы пасеялі кукурузу, і па калена вада. Вакол нізіна, вада нікуды не пойдзе ўжо", - сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што за збожжа, што загінула з-за нядбайнасці кіраўнікоў, страхавыя кампенсацыі выплачвацца не будуць.
Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на мяса-малочнай вытворчасці ў Мінскай вобласці, даручыўшы поўнасцю загрузіць магутнасці прадпрыемстваў, дзе ёсць такая неабходнасць. "Слуцк - тыповы раён, дзе мы павінны атрымліваць мяса. Гэта ідэальныя ўмовы для вытворчасці збожжа. Не трэба забываць пра вытворчасць мяса. Без свініны, птушкі, ялавічыны - гэтых традыцыйных відаў - мы не абыдземся", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Пры гэтым прадукцыю неабходна пастаўляць не толькі на ўнутраны рынак, але і на замежны. Напрыклад, аб гатоўнасці купляць беларускія прадукты харчавання на сустрэчы з беларускім лідарам заявіў Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура. "Яны заплацяць, яны гатовы сёння ўзяць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Асноўнае трэба пастаўляць на экспарт".
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што не трэба чакаць прыходу інвестараў, якія будуць гатовы вырошчваць збожжа на беларускіх землях. Яны будуць імкнуцца хутчэй прадаць вырашчанае збожжа, каб атрымаць хуткі і лёгкі прыбытак. "Але нам жа не так трэба. Нам неабходна вырасціць збожжа, перапрацаваць і атрымаць гатовую мяса-малочную прадукцыю", - абазначыў прыярытэты Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад Расію, якая з'яўляецца лідарам па продажы збожжа. У той жа час у краіне пакуль не закрылі патрэбнасць у мяса-малочных прадуктах. "У іх усё прыватнае, а прыватнік не хоча займацца складанай вытворчасцю. Складаная вытворчасць - гэта мяса-малочная, мы гэта добра ведаем. І будзем гэту палітыку праводзіць, не дапусцім таго, каб чалавек прыйшоў - вы да мяне не лезьце, я што хачу, тое і прадаю, на рынку ёсць попыт. Так, ёсць попыт, але мы пакінем насельніцтва без мяса і малака. Наш рынак, расійскі і іншыя сёння патрабуюць мяса-малочную прадукцыю, і мы на гэтым зарабляем грошы, таму павінны ў комплексе падыходзіць да гэтага пытання", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.