7 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказвае занепакоенасць у сувязі са зніжэннем аб'ёмаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве і ЕАЭС. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з губернатарам Кастрамской вобласці Расіі Сяргеем Сітнікавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У ранейшыя часы аб'ёмы нашага ўзаемнага гандлю (Беларусі з Кастрамской вобласцю.- Заўвага БЕЛТА) перавышалі $100 млн. Не з кожнай буйной краінай у нас такі тавараабарот. Але за апошнія два гады аб'ёмы тавараабароту значна скараціліся, што мяне вельмі хвалюе, - сказаў Прэзідэнт. - Паўстае пытанне, навошта мы стваралі адзіную эканамічную прастору не толькі ў нашай Саюзнай дзяржаве, але і ў ЕАЭС".
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што за мінулыя два гады аб'ём тавараабароту ў фармаце ЕАЭС значна знізіўся. "Вось стварылі інтэграцыю... Мяне гэта хвалюе. Я аб гэтым гавару, а гэта выклікае нейкае неразуменне або непрыманне ў Маскве і ў Мінску ў некаторых. Але аб гэтым трэба гаварыць, і трэба гэтыя вузкія месцы знаходзіць і неяк склейваць нашы адносіны. Замест таго каб устараняць негатыў, уводзіцца забарона на пастаўкі ялавічыны ў Расію. Як гэта разумець?" - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што трывалыя эканамічныя сувязі з'яўляюцца асновай любых адносін. "Мы заўсёды былі б сябрамі, братамі, але каб мець назаўсёды брацкія адносіны, павінна быць аснова - гэта эканоміка. І дзякуй богу, што ў нас яна вельмі залежная адзін ад аднаго", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па многіх напрамках беларуская прамысловая прадукцыя вырабляецца з выкарыстаннем вялікай долі расійскіх сыравіны і камплектуючых. Пры гэтым устойлівая работа адпаведных вытворчасцей у Расіі ў значнай меры залежыць і ад сітуацыі на беларускіх заводах.