29 верасня, Нью-Ёрк /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў агульнай дыскусіі 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, заклікаў правесці новую шырокую дыскусію для наладжвання дыялогу паміж глабальнымі ігракамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сёння свет сутыкнуўся з зусім новымі геапалітычнымі рэаліямі і ваеннымі канфліктамі. "Назіраецца беспрэцэдэнтная напружанасць у міжнародных адносінах. Усё выразней праяўляюцца пагрозы, на якія пакуль няма адказу. Канцэнтруючыся на спрэчках па другарадных пытаннях, супольнасць выпусціла з-пад увагі з'яўленне агрэсіўных тэрарыстычных глабальных груповак", - канстатаваў беларускі лідар.
"Уся сістэма міжнароднай бяспекі перажывае сур'ёзны крызіс. Страта ўзаемнага даверу паміж глабальнымі ігракамі, адсутнасць гатоўнасці да кампрамісаў, вяртанне да элементаў блокавага процістаяння, па сутнасці, паставілі свет на мяжу новай вайны", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не спыняюцца спробы навязаць пэўную мадэль развіцця іншым дзяржавам. "Да чаго гэта прыводзіць? У выніку знешняга ўмяшання, экспарту "каляровых" рэвалюцый і штучнай змены рэжымаў стабільныя раней краіны акунуліся ў хаос і анархію. Гэта ўсё прыкрываецца дэмакратыяй", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Замест абяцанай дэмакратыі і працвітання людзі ў гэтых краінах перажываюць жудасныя пакуты і вымушаны ратавацца ўцёкамі. Натоўпы мігрантаў штурмуюць сёння Еўропу. І гэта таксама стала вострай міжнароднай праблемай", - сказаў беларускі лідар.
"Сёння мы ўсё ў большай ступені залежым адзін ад аднаго. Дзеянні адной дзяржавы закранаюць непасрэдна інтарэсы многіх іншых. Абароненых краін больш не існуе", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.
"Мы павінны сумленна прызнаць - цяпер няма эфектыўнай сістэмы стрымліванняў і проціваг. Дзяржавы, якія прэтэндуюць на сусветнае лідарства, на жаль, не могуць пазбегнуць спакусы задзейнічаць сілу і эканамічны шантаж для забеспячэння сваіх уласных інтарэсаў. Свет небяспечна блізка падышоў да фактычнай адмовы ад замацаваных у Статуце ААН прынцыпаў міжнароднага права", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Таму глыбока перакананы, што ў ААН вельмі неабходна новая шырокая дыскусія аб прынцыпах будучага суіснавання дзяржаў і народаў. Аб гэтым я ўжо гаварыў, але хачу яшчэ раз падкрэсліць: Арганізацыя не павінна ператварацца ў месца для ўзаемных абвінавачанняў і канфрантацыі дзяржаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Дыялогу няма альтэрнатывы! Нам не адысці ад калектыўнага вырашэння праблем. Вядома, можна зноў набудаваць новых сцен і раздзяляльных ліній, але ад гэтага праблемы нікуды не знікнуць", - перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы.