11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эфектыўнасць работы праваахоўнікаў павінна ацэньвацца па рэакцыі насельніцтва, а не па статыстыцы. Такое меркаванне сёння на пашыраным пасяджэнні калегіі Следчага камітэта выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што статыстыка адлюстроўвае вынік дзейнасці праваахоўнікаў і можа служыць для аналізу яе эфектыўнасці. Але галоўнае - гэта рэакцыя насельніцтва, перакананы Прэзідэнт. "Нам не патрэбна паказуха", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заклікаў праваахоўнікаў "проста быць народнымі людзьмі".
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы паўтарыў сваё патрабаванне да міліцыі і іншых сілавых структур рабіць усё неабходнае для павышэння свайго іміджу ў насельніцтва, каб падабацца людзям, хоць гэта і няпроста.
Прэзідэнт запатрабаваў, прымяняючы ўсе формы і метады, даказваць, што праваахоўнікі носяць пагоны, каб абараніць людзей.