16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 студзеня ў час размовы з прадстаўнікамі працоўных калектываў прадпрыемстваў - рэзідэнтаў Мінскага гарадскога тэхнапарка заявіў аб неабходнасці больш цесна заняцца пытаннямі міграцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, у час размовы з кіраўніцтвам тэхнапарка было закранута пытанне працоўнай міграцыі. Прэзідэнт не супраць, каб месцы прадастаўляліся замежным грамадзянам, галоўнае, каб гэта былі кваліфікаваныя спецыялісты. "Хочаш запрасіць таджыкаў, узбекаў, казахаў, сірыйцаў, афганцаў, любых людзей, запрашай. Але ты павінен ведаць, што гэта за людзі і што яны табе патрэбны на гэтым месцы і могуць гэту аперацыю ажыццяўляць. Не ўмеюць - навучы. Але ты за гэты дзясятак-дваццаць чалавек павінен галавой адказваць", - запатрабаваў беларускі лідар.
"Другое - мы павінны да іх па-людску паставіцца. Яны такія ж людзі, як мы. І яны заўсёды добра працуюць, калі да іх па-чалавечы (ставіцца. - Заўвага БЕЛТА). Мы забяспечым і адукацыяй, і аховай здароўя - усё будзе як у нас. Асабліва для ўкраінцаў, - запэўніў кіраўнік дзяржавы. - Вельмі шмат украінцаў сёння едзе да нас. Мы павінны прымаць іх як сваіх людзей. Таму што тыя людзі, якія да нас прыехалі з Украіны, я не чуў, каб нехта сказаў, што яны дрэнна працуюць. Гэта добрыя людзі".
"У бліжэйшы час на маім узроўні мы разгледзім усе гэтыя пытанні, сёння адпаведныя органы працуюць. Пакуль пажар не палае ў Беларусі, гэтым трэба займацца. Тым больш нам людзі патрэбны. Але кожнага чалавека трэба глядзець. Ёсць прафсаюзы, маладзёжныя арганізацыі, партыі - падключайце іх. Няхай яны глядзяць, каго мы запрашаем у калектыў. Пытанне: калі патрэбна", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Гэту тэму Прэзідэнт закрануў і ў сваім выступленні ў храме на Раство Хрыстова. "Хацеў вас папярэдзіць, што і ўнутры ў нас праблем хапае. І выклікі з'яўляюцца пастаянна. Можна сказаць, кожны месяц. Апошні выклік, вы яго яшчэ, напэўна, не заўважылі, ну і дзякуй богу (гэта мая работа, работа ўрада, органаў улады), - гэта вымушаная міграцыя людзей. Людзей, якія бягуць ад вайны. Гэта людзі розныя. Расію яна захліснула. Нас Гасподзь пашкадаваў да сёння", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Але мяне ўжо інфармуюць, што пачынаюць падцягвацца людзі з Усходу. Не толькі тыя, якія жадаюць нам нейкай варожасці і вайны. Не, падцягваюцца людзі, якія хочуць жыць, працаваць, зарабляць і нейкую капейку пасылаць на радзіму, каб пракарміць сваіх дзяцей. Але ўся бяда ў тым, што гэтыя людзі далёкія ад тых спраў, якія мы вырашаем. Яны некампетэнтныя. Яны прафесійна не падрыхтаваны. Гэта таксама нястрашна. Галоўнае, каб гэтыя людзі хацелі працаваць і вучыцца. Наш народ можа навучыць людзей. Працоўныя рэсурсы нам патрэбны. Але некатралюемая міграцыя - гэта бяда", - заявіў беларускі лідар.