21 кастрычніка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што еўрапейскія краіны павінны разам змагацца з захворваннямі. На гэта ён звярнуў увагу, выступаючы на Еўрапейскай міністэрскай канферэнцыі па пытаннях умацавання здароўя на ўсіх этапах жыцця ў кантэксце палітыкі "Здароўе-2020", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Хваробы не ведаюць граніц, а значыць, і змагацца з імі мы павінны разам, дапамагаючы адзін аднаму ў пошуку эфектыўных, папераджальных дзеянняў. Разам заўсёды больш лёгка, плённа і рэзультатыўна", - сказаў беларускі лідар.
На яго думку, перад еўрапейскімі краінамі стаяць падобныя праблемы, якія патрабуюць асаблівай увагі. Гэта старэнне насельніцтва, зніжэнне нараджальнасці, пагаршэнне навакольнага асяроддзя, тэхнагенныя катастрофы, масавыя хваробы, тэрарызм і лакальныя войны, а таксама некаторыя сацыяльныя павевы. "Паасобку з гэтымі праблемамі справіцца вельмі цяжка", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ва ўсім свеце неінфекцыйныя захворванні забіраюць жыцці актыўнага працаздольнага насельніцтва, аказваючы на грамадства такое негатыўнае ўздзеянне, як палітычныя і эканамічныя крызісы.
Прэзідэнт лічыць, што падагульняючы дакумент гэтай канферэнцыі - Мінская дэкларацыя - стане важным інструментам у рэалізацыі еўрапейскай палітыкі "Здароўе-2020". "Вырашэнне трох яе задач - дзейнічаць раней, дзейнічаць своечасова і дзейнічаць разам - дасць магчымасць дабіцца станоўчага эфекту па павелічэнні працягласці і паляпшэнні якасці жыцця людзей", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Беларуская ахова здароўя ідзе па шляху мадэрнізацыі і тэхналагічных інавацый. Асноўным прынцыпам з'яўляецца забеспячэнне якасці, эфектыўнасці і бяспекі медыцынскіх паслуг.
Прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі Беларусі з'яўляецца ахова здароўя маці і дзіцяці. Прэзідэнт расказаў, што ў краіне ў гэтым напрамку прымаюцца дзейсныя меры, што дало магчымасць значна палепшыць медыка-дэмаграфічныя паказчыкі.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на актыўнае развіццё высокіх тэхналогій у сферы аховы здароўя. Ён адзначыў, што наяўнасць сеткі медыцынскіх цэнтраў, якія выкарыстоўваюць найноўшыя метады прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі, дае магчымасць праводзіць складаныя ўмяшанні на ўзроўні перадавой медыцынскай практыкі - ад кардыяхірургіі да трансплантацыі органаў і тканак.
Акрамя таго, у краіне мадэрнізуюцца фармацэўтычныя вытворчасці, асвойваецца выпуск новых лекавых сродкаў.
Сур'ёзная ўвага ўдзяляецца таксама паляпшэнню падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў. Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем заўважыў, што беларуская адукацыя, і не толькі медыцынская, карыстаецца попытам у замежных грамадзян.
Прэзідэнт падкрэсліў, што поспехаў у ахове здароўя Беларусь не змагла б дасягнуць без дапамогі вядучых краін - Расіі, ЗША, Германіі, Аўстрыіі, іншых заходніх дзяржаў, спецыялісты з якіх прыязджалі і вучылі перадавому вопыту, дапамагалі асвоіць найноўшае абсталяванне. Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць за гэту дапамогу.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што іх веды, вопыт і прафесіяналізм будуць запатрабаваны толькі ва ўмовах міру і стварэння. "Няхай гэта мерапрыемства стане гарантам адкрытасці нашых краін, гатоўнасці дзяліцца вопытам, агульнай прыхільнасці да захавання і паляпшэння здароўя цяперашняга і будучых пакаленняў", - сказаў беларускі лідар.