17 красавіка, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Візіт Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна ў Беларусь будзе найважнейшым знешнепалітычным мерапрыемствам. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намеснікам міністра камерцыі КНР Чжун Шанем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларускі бок поўнасцю гатовы да правядзення візіту ў Беларусь Старшыні КНР, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, візіт Сі Цзіньпіна ў Беларусь "будзе найважнейшым знешнепалітычным мерапрыемствам". "Ён прадэманструе ўсяму свету нашу паслядоўнасць у рэалізацыі прынцыпаў усебаковага стратэгічнага партнёрства на карысць народаў дзвюх краін", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным узгадніць у ходзе візіту ў Беларусь намесніка міністра камерцыі КНР канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва, агульныя інтарэсы. Паводле слоў беларускага лідара, гэта павінна пасадзейнічаць таму, каб візіт Старшыні КНР у Беларусь быў вельмі эфектыўным і напоўнены канкрэтным зместам.
Чжун Шань узначальвае гандлёва-эканамічную дэлегацыю ўрада КНР, якая прыбыла, каб падрыхтаваць у гандлёва-эканамічных аспектах візіт у Беларусь Сі Цзіньпіна.
Намеснік міністра камерцыі КНР у час сустрэчы перадаў Аляксандру Лукашэнку шчырае прывітанне і найлепшыя пажаданні ад Старшыні КНР.