22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае супраць радыкальных рэформ у эканоміцы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на V Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мая пазіцыя адназначная: ніякага радыкалізму. Мы павінны ісці ад жыцця. Мы павінны вырашаць пытанні, якія рубам ставіць сённяшняя рэальнасць. Іншага нам не дадзена. Гэты шлях няпросты. Прасцей за ўсё намаляваць праграму, начарціць стрэлкамі напрамак нашых дзеянняў, але потым жа гэта трэба рэалізаваць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму стрыжань нашай праграмы ў тым, што мы павінны ўдасканальваць тое, што ў нас ёсць, удумліва і спакойна робячы крокі па пэўных напрамках, вырашаючы тыя праблемы, якія ў нас сёння існуюць. І ніякай ломкі. Вось стрыжань таго, што я прапаную сёння на Усебеларускім народным сходзе".
Прэзідэнт канстатаваў, што ёсць прапановы, якія ў тым ліку паступаюць з урада, аб прыняцці радыкальных мер. "Але нават калі гэтыя крокі сёння дакладныя, распрацаваны навукай, недзе правераныя жыццём, хто гэтыя радыкальныя меры будзе рэалізоўваць? Вы думаеце, што калі 2-3 чалавекі разумеюць, што рабіць, то ўсе астатнія кінуцца гэтыя ідэі рэалізоўваць? Нам трэба мець кадры, калі нам давядзецца рэалізоўваць новы курс, які мы можам проста на працягу тыдня выпрацаваць і пачаць рэалізоўваць", - лічыць кіраўнік дзяржавы.
"Калі мне задаюць пытанне: ці гатовы вы, я заўсёды кажу: вы не ў мяне пытайцеся. Я гатовы да любой рэформы, да любых планаў, любых дзеянняў. Пытанне не ўва мне - ці гатовы вы, грамадства, да такіх радыкальных змяненняў? Маўчанне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што важна дачакацца патрэбнага моманту для прыняцця тых ці іншых рашэнняў. "Трэба адчуваць момант, ведаць і разумець, калі можна рабіць тыя ці іншыя радыкальныя крокі. Тое, што яны патрэбны ў асобных момантах, - гэта так. Але што будзе, калі мы ў перыяд, калі трэба з'яднацца, арганізавацца, не дапусціць далейшага падзення, ісці выверана, як па тонкім лёдзе, пачнём ламаць гэты лёд? Зразумела, што адбудзецца", - адзначыў Прэзідэнт.