22 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказвае апасенні аб магчымым размяшчэнні ў Еўропе ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў сувязі з сітуацыяй вакол ДРСМД. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў асабовага складу Ваеннай акадэміі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт адзначыў, што адпаведная тэма ў тым ліку абмяркоўвалася ў час яго сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "Яго пазіцыя практычна нічым не адрозніваецца ад той пазіцыі, якую выкладаюць у СМІ", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што верыць расійскаму боку ў тым, што ён не парушаў адпаведны дагавор, а калі на Захадзе заяўляюць аб гэтым, спрабуе знайсці адказ на абвінавачанні ў бок Расіі. "Але інфармацыі ў гэтым плане ў мяне няма. Яна скрыта. Яе ведае абмежаванае кола людзей", - заўважыў беларускі лідар.
Што датычыцца патэнцыяльнай пагрозы для бяспекі Беларусі, Прэзідэнт падкрэсліў, што "гэта катастрофа, асабліва для нас". Паводле яго слоў, існуе меркаванне, што выхад ЗША з ДРСМД у тым ліку накіраваны супраць Кітая, які валодае такой зброяй, але не ўдзельнічаў у дагаворы. "Вядома, гэтымі ракетамі цераз Ціхі акіян не запусціш і ўдар па Амерыцы не нанясеш. Амерыканцы перажываюць перш за ўсё за сваіх саюзнікаў у раёне Ціхага акіяна - Карэя, Японія, свае амерыканскія базы, якія там створаны", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Але я баюся таго, што амерыканцы скарыстаюцца момантам - сарвалі гэты дагавор, і размесцяць ракеты ў Еўропе. Вось тут ужо мала не здасца і нам. Таму нам трэба будзе разам з Расіяй думаць аб мерах у адказ. Ад гэтага нікуды не дзенешся, калі гэта адбудзецца. А горш будзе, калі гэтыя ракеты будуць размешчаны (не дай бог, гіпатэтычна) на тэрыторыі Украіны. Таму мой адказ адназначны: я катэгарычна супраць (разрыву ДРСМД. - Заўвага БЕЛТА). Мы прыхільнікі міралюбівай палітыкі. Нам не патрэбны гэтыя разборкі вялікіх дзяржаў, ад якіх, зыходзячы з гісторыі, мы заўсёды цярпелі. Таму нам не патрэбна гэта бойня, бойка, асабліва цяпер вакол Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў меркаванне, што НАТА ўсё ж такі можа пайсці на размяшчэнне такіх ракет у Еўропе: "Мне здаецца, хоць Паўночнаатлантычны альянс заяўляе аб тым, што яны не збіраюцца размяшчаць у Еўропе гэтыя ракеты, гэта проста блеф. У адваротным выпадку, навошта выходзіць. Навошта было разбураць гэты дагавор? Трэба было дагаворвацца з Кітаем і падключаць яго (да дагавора. - Заўвага БЕЛТА), калі размова пра Кітай".