29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным і блізкім выдатнага кампазітара сучаснасці, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, народнага артыста Беларусі Дзмітрыя Смольскага. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"З жыцця пайшоў чалавек вялікага таленту, адзін з патрыярхаў нацыянальнай музыкі, чыёй творчасцю па праву ганарыцца наша краіна. Сачыненні Дзмітрыя Браніслававіча, якія ўяўляюць сабой непераўзыдзеныя ўзоры высокага мастацтва, здабылі прызнанне ў Беларусі і за мяжой", - гаворыцца ў спачуванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сваімі ведамі і майстэрствам Дзмітрый Смольскі шчодра дзяліўся з моладдзю. За гады выкладання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ён выхаваў не адно пакаленне кампазітараў, якія сёння развіваюць музычную культуру краіны.