30 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Нельга дапусціць, каб ініцыятыва "Усходняе партнёрства" стала чыста палітызаванай арганізацыяй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на перагаворах з Еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вядома ж, без палітыкі не можа існаваць ніводная арганізацыя, але нельга дапусціь, каб "Усходняе партнёрства" стала чыста палітызаванай арганізацыяй. І не дай бог паставілі мэту перад краінамі "Усходняга партнёрства", каб гэты пояс стаў раздзяляльнай зонай паміж Еўрасаюзам і Расіяй, Кітаем, Усходам", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Мы вялікую ўвагу ўдзяляем нашаму супрацоўніцтву ў рамках гэтай арганізацыі. І ў гэтым плане вы можаце на нас разлічваць. Наша пажаданне - каб "Усходняе партнёрства" было больш прыземленым, каб яно было практыка-арыентаваным", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у рамках "Усходняга партнёрства" неабходна вырашаць тыя задачы, якія стаяць перад Еўропай, і развіваць тыя праекты, якія цяпер актуальныя, у тым ліку ў такіх сферах, як энергетыка, транспарт, лагістыка. "У тым ліку і жыццё людзей, візавыя пытанні, каб мы маглі ў большым аб'ёме і больш свабодна ўзаемадзейнічаць з Еўропай, а вы - свабодна прыязджаць у Беларусь", - дадаў Прэзідэнт.