15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі трэба акуратна выбудаваць сістэму прыходу да ўлады новага пакалення. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы, прымеркаванай да 30-годдзя Канстытуцыі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы акуратна павінны выбудаваць сістэму не пераходу ўлады ад Лукашэнкі да Пятрова, Сідарава… Не. А прыходу да ўлады новага пакалення. Хто тут сядзіць - гэта новыя людзі. Фактычна ва ўладзе. І кіраўнікі партый, і дэпутаты, і маладыя дэпутаты. Людзі, што паказалі сябе патрыётамі, якія могуць утрымаць краіну, могуць яе далей удасканальваць. Удасканальваючы, захаваць, - сказаў Прэзідэнт. - Я вельмі спадзяюся, што яны... Не, не захаваюць такую Беларусь, як цяпер. І не трэба яе такую захоўваць. Яна ўсё роўна будзе па жыцці іншай і будзе ўдасканальвацца. Але я вельмі спадзяюся, што гэта будуць акуратныя, разумныя людзі, якія, удасканальваючы, будуць ісці ад жыцця. Гэта важнейшы прынцып - эвалюцыйны прынцып".
Аляксандр Лукашэнка падзяліўся ўласным вопытам у вырашэнні складаных пытанняў: "Я заўсёды станавіўся на грэшную зямлю і думаў: вось гэты крок зробім, да чаго мы прыйдзем? Калі не ведаеш, што рабіць, - ідзі да людзей. Яны табе падкажуць".
"Часта мне задаюць пытанне, ці задаволены я тым, што мы зрабілі, пабудавалі. Я задаволены. Упэўнены, і вы задаволены. Мы пабудавалі, як умелі, як маглі. Мы шчыра ставіліся да гэтага будаўніцтва. Прыйдуць новыя людзі - зробяць лепш, магчыма. І наша пакаленне павінна зрабіць усё, каб новае пакаленне, якое прыйдзе да ўлады, ішло акуратна, нічога не ламаючы", - дадаў Прэзідэнт.