11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Турцыя для Беларусі з'яўляецца прыярытэтным партнёрам. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках афіцыйных перагавораў з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Турцыя з'яўляецца для нас прыярытэтным партнёрам. Мы вельмі высока цэнім нашу дружбу і нацэлены на плённае ўзаемадзеянне па ўсіх напрамках. Хачу запэўніць, што мы будзем надзейным сябрам і вашай апорай тут - у цэнтры Еўропы. Можна сказаць, у эканамічным цэнтры Еўразіі. Калі вам гэта цікава, скарыстайцеся гэтым, і давайце пашырым нашы адносіны настолькі, наколькі мы здольны гэта зрабіць. А мы можам шмат", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Бакі канстатавалі адсутнасць закрытых тэм для супрацоўніцтва. "Мы яго будуем у імя і на карысць нашых народаў і не на шкоду трэцім краінам. Упэўнены, што дасягнутыя ў ходзе сустрэчы на вышэйшым узроўні дамоўленасці паслужаць далейшаму ўмацаванню і развіццю беларуска-турэцкіх адносін", - падкрэсліў беларускі лідар.
Падпісаныя дакументы ствараюць дадатковыя ўмовы для пашырэння ўзаемавыгадных сувязей у галіне палітычнага, гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага, гуманітарнага і іншых сфер супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць падцягнуць узровень гандлёва-эканамічных адносін краін да ўзроўню асабістых і палітычных. Таму на перагаворах асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням развіцця гандлю і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. У прыватнасці, намечаны перспектывы рэалізацыі праектаў у галіне машынабудавання, будаўніцтва, стварэння сумесных прамысловых зон. Кіраўнікі дзяржаў прааналізавалі магчымасці нарошчвання аб'ёмаў узаемнага гандлю і аптымізацыі лагістычных маршрутаў, размяшчэння сумесных вытворчасцей на тэрыторыі дзвюх краін. "Добра, ёсць што размяшчаць, як у Турцыі, так і ў Беларусі", - заўважыў Прэзідэнт.
Прэзідэнт Беларусі лічыць залогам умацавання эканамічнага партнёрства актыўную пазіцыю прадстаўнікоў бізнесу дзвюх краін.
Пазітыўным фактарам для паглыблення ўзаемаразумення паміж краінамі кіраўнік дзяржавы назваў развіццё супрацоўніцтва ў сферы культуры. Нядаўна ў Турцыі паспяхова прайшлі Дні беларускай культуры. "У наступным годзе будзем рады прыняць у сябе творчую дэлегацыю з вашай краіны. Гэта асабліва актуальна ў кантэксце святкавання ў 2017 годзе 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі дзяржавамі", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што ў палітычнай сферы паміж краінамі абсалютна няма рознагалоссяў. Ён падзякаваў Рэджэпу
Таіпу Эрдагану за вычарпальную інфармацыю, якую Прэзідэнт Турцыі прадаставіў наконт падзей у рэгіёне, найперш у Сірыі і Іраку. "Мы даведаліся вельмі шмат новага, і гэта інфармацыя будзе садзейнічаць нам у выпрацоўцы правільнага разумення і курсу адносна гэтага няпростага рэгіёна і той ролі, якую сёння адыгрывае Турэцкая Рэспубліка ў плане стабілізацыі, барацьбы з тэрарызмам і барацьбы за мір у Іраку і Сірыі", - заявіў беларускі лідар.