9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міждзяржаўная тэлерадыёкампанія "Мір" з'яўляецца магутным інструментам інфармацыйнай палітыкі дзяржаў СНД. Аб гэтым гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі калектыву тэлерадыёкампаніі з нагоды 25-годдзя з дня яе стварэння, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"Гэты маштабны медыяпраект, што адпавядае духу часу, аб'ядноўвае таленавітых, ініцыятыўных прафесіяналаў, якія любяць сваю справу, шануюць лепшыя традыцыі і высокія стандарты журналістыкі. Асвятляючы ўсе грані грамадска-палітычнага, эканамічнага, культурнага і спартыўнага жыцця Садружнасці, вы ўносіце значны ўклад ва ўмацаванне дружбы і ўзаемнага даверу паміж нашымі народамі", - гаворыцца ў віншаванні.
Прэзідэнт адзначыў, што за мінулыя чвэрць стагоддзя тэлерадыёкампанія набыла адданую шматмільённую і шматнацыянальную аўдыторыю не толькі ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, але і далёка за яе межамі.
"Упэўнены, "Мір" прадоўжыць з годнасцю выконваць сваю важную місію - збліжаць людзей, фарміраваць іх светапогляд, аб'ектыўна і бесстаронна ацэньваючы падзеі, што адбываюцца", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Калектыву тэлерадыёкампаніі ён пажадаў моцнага здароўя, натхнення і новых здзяйсненняў.