15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Самаркандзе, куды ён прыбыў для ўдзелу ў саміце ШАС, правёў двухбаковую сустрэчу з прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Спадар Прэзідэнт, вялікі гонар і задавальненне сустрэцца з вамі. Мы прывезлі вам найлепшыя пажаданні ад народа Пакістана. І наша дэлегацыя, і наш урад ведаюць, што вы вельмі даўні сябар нашай краіны", - прывітаў беларускага лідара прэм'ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф.
"Спадар прэм'ер-міністр, мне прыемна чуць ад вас, што мы з'яўляемся добрымі сябрамі Пакістана. Гэта сапраўды так. Больш таго, якія б у вас ні былі адносіны з вашым родным братам (Навазам Шарыфам, які не раз займаў пасаду прэм'ер-міністра Пакістана. - Заўвага БЕЛТА), вы павінны ведаць, што гэта мой добры сябар. З папярэднімі кіраўнікамі Пакістана, сустракаючыся, я пастаянна, нягледзячы на іх перакананні, адносіны з Навазам, пытаўся пра яго здароўе, самаадчуванне, дзе ён знаходзіцца. І вы ведаеце, яны мне заўсёды шчыра расказвалі пра вашага брата. А пра вас першы раз я пачуў менавіта ад яго. Таму я не мог вас не павіншаць. Мы перажывалі за тое, каб вы сталі прэм'ер-міністрам. Таму што вельмі ўжо шмат было зроблена ў адносінах паміж Пакістанам і Беларуссю пры Навазе Шарыфе", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэм'ер-міністр падзякаваў Прэзідэнту за запрашэнне наведаць Беларусь. "Я сапраўды рады, што вы мяне запрасілі. І дазвольце скарыстацца гэтай магчымасцю, каб запрасіць і вас наведаць Пакістан як мага хутчэй", - сказаў ён.
Шахбаз Шарыф таксама заявіў аб поўнай падтрымцы імкнення Беларусі далучыцца да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў якасці паўнапраўнага члена. "Мы поўнасцю падтрымліваем уступленне Беларусі ў ШАС. Мы акажам поўную падтрымку. Гэта сапраўды вялікая падзея. Вы можаце на нас разлічваць", - заявіў прэм'ер-міністр.
Краіны маюць развітую дагаворна-прававую базу. Падпісана больш за 80 дакументаў. Усе беларускія рэгіёны ўстанавілі партнёрскія адносіны з пакістанскімі правінцыямі. Створаны інстытуцыянальныя механізмы двухбаковага ўзаемадзеяння - камісіі, профільныя рабочыя групы і дзелавы савет.
У Пакістан экспартуецца складаная тэхнічная, хімічная і харчовая прадукцыя з высокай дабаўленай вартасцю: трактары, грузавая аўтатэхніка, часткі і прылады да іх, шыны, хімічныя валокны, дзіцячае харчаванне, лекавыя сродкі, а таксама цэлюлоза, калійныя ўгнаенні і спецыфічныя тавары. Да вядучых пазіцый імпарту адносяцца цытрусавыя, рыс, вырабы са скуры, прадукцыя лёгкай прамысловасці (тканіны з дабаўленнем бавоўны, трыкатажныя палотны, тэкстыль, бялізна пасцельная і сталовая), медыцынскія прыборы і спартыўны інвентар.