26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Дзмітрыем Мезенцавым, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў якасці пасла Расіі ў Беларусі ў сувязі з нядаўнім назначэннем Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы закрануў тэму эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце, вытворчасці ў Беларусі вакцыны ад COVID-19 па расійскай тэхналогіі, а таксама работы вучоных па атрыманні айчыннага прэпарату. Гэтыя пытанні Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў з міністрам аховы здароўя Дзмітрыем Піневічам непасрэдна перад сустрэчай з Дзмітрыем Мезенцавым.
Улічваючы, што напярэдадні адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі з губернатарам Прыморскага края Алегам Кажамякам, было ўзнята і пытанне ўзаемадзеяння з рэгіёнамі Расіі. Аляксандр Лукашэнка ў тым ліку бачыць патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва з Кітаем у трохбаковым фармаце - праз Прымор'е і не толькі.
"Я думаю, нам давядзецца адкрыць новы напрамак супрацоўніцтва з Кітаем - праз Далёкі Усход, - заявіў беларускі лідар. - У Алега Кажамякі там каласальныя сувязі з кітайцамі. Яны прывозяць, прадаюць, на ўсю Расію ідзе тавар, а Далёкі Усход туды свабодна прадае многія тавары. Чаму б нам, Уладзімір Уладзіміравіч (Макей, міністр замежных спраў. - Заўвага БЕЛТА), не скарыстацца гэтым каналам? І на Усходні Кітай і Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён пастаўляць сваю прадукцыю. Гэта для нас вельмі цікава".
"Прапановы, якія падрыхтаваны ўрадам Прыморскага края для будаўнічага комплексу Беларусі, вытворцаў прамысловай прадукцыі, прадукцыі аграсектара, - яны вельмі маштабныя, - выказаў меркаванне ў час сустрэчы Дзмітрый Мезенцаў. - З улікам унікальнага месцазнаходжання Далёкага Усходу, сістэмы адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай, іншымі краінамі АЦР (Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. - Заўвага БЕЛТА) гэта можа для Беларусі, для вытворцаў рэальнага сектара эканомікі даць зусім новую якасць, новы прыбытак, відавочныя выгады".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што плануе пабываць у Прыморскім краі ў гэтым годзе і больш прадметна абмеркаваць тэматыку супрацоўніцтва. "Магчыма, мне ўдасца вырвацца туды ў жніўні і вельмі сур'ёзна пагаварыць", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на неабходнасць больш актыўнага развіцця адносін з іншымі расійскімі рэгіёнамі. "З іншымі рэгіёнамі ў нас выдатныя адносіны, і нам трэба больш увагі ўдзяляць у рамках Саюзнай дзяржавы гэтым праектам, менавіта з рэгіёнамі (Расія велізарная), і старацца вырашыць там канкрэтныя пытанні", - заўважыў Прэзідэнт.