6 жніўня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 жніўня правёў сустрэчу са сваім сябрам і калегам - экс-прэзідэнтам Кыргызстана Курманбекам Бакіевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Нагодай для размовы стаў 70-гадовы юбілей госця, які ён адзначыў некалькі дзён таму. Беларускі лідар у Палацы Незалежнасці з цёплынёй павіншаваў Курманбека Бакіева, зрабіў сімвалічныя падарункі - карціну "Паляванне качэўнікаў з беркутам" - зборны вобраз, у якім злучаны і нацыянальныя асаблівасці, і этнічны каларыт кыргызскага народа. Стэпавы арол або беркут - асаблівы сімвал у светаразуменні качэўнікаў. Юбіляру Прэзідэнт таксама падарыў корцік і букет беларускіх кветак.
"Гэта ж мая краіна... Коні, беркуты...", - адрэагаваў Курманбек Бакіеў, убачыўшы карціну.
"Твая краіна і твая стыхія. Птушка гэта гордая на цябе падобная", - заўважыў Прэзідэнт Беларусі.
Курманбек Бакіеў падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за падарункі.
"Мы ўсе і прыйдзем да цябе на дзень нараджэння, - прадоўжыў сяброўскі дыялог Аляксандр Лукашэнка. - Ты можаш нам прыгатаваць кыргызскі плоў? Плоў з цябе, віно - з нас!"
Курманбек Бакіеў адказаў, што з задавальненнем прыме гасцей і асабіста прыгатуе пачастунак. "Сам буду рабіць. Ад і да", - падкрэсліў ён.
Каля рабочага кабінета кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і Курманбек Бакіеў спыніліся побач з дзяржаўнымі сцягамі Беларусі і Кыргызстана, якія былі прадстаўлены не ў прывычным выкананні, а ў выглядзе галаграмы. Спецыяльны праектар з гэтай тэхналогіяй быў прэзентаваны адной з кампаній-рэзідэнтаў у час наведвання Прэзідэнтам Беларусі Парка высокіх тэхналогій. "Гэта нашы праграмісты зрабілі. Сёння ў нас дзень беларуска-кыргызскай дружбы з нагоды твайго юбілею", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Пасля заканчэння віншавальнай часткі Аляксандр Лукашэнка і Курманбек Бакіеў правялі рабочую сустрэчу, абмеркаваўшы актуальныя пытанні.