7 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У цяперашніх няпростых міжнародных умовах задача Беларусі - дабіцца рэальнага пазітыўнага балансу ў адносінах з усімі суседзямі, усімі вядучымі геапалітычнымі цэнтрамі сілы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы сёння на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу пятага і шостага скліканняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Павінен прызнаць, што мы часта гаварылі аб шматвектарнасці, але ў рэальнасці ўсё ж такі ляцелі больш на адным крыле. Аднак жыццё паказала, што ва ўмовах крызісу ў такой сітуацыі мы вельмі рызыкуем быць залежнымі ад палітычных настрояў у адпаведных дзяржавах. Наша задача - дабіцца рэальнага пазітыўнага балансу ў адносінах з усімі суседзямі, усімі вядучымі геапалітычнымі цэнтрамі сілы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэта - неймаверна складаная задача. "І мы не балансуем, не сядзім на двух крэслах, як некаторыя спрабуюць сцвярджаць. Мы вымушаны праводзіць такую палітыку, каб нікога не пакрыўдзіць, нікому не нашкодзіць, каб устаяць і зноў не стаць якой-небудзь правінцыяй. Гэта што, няправільны пункт гледжання? Гэта не мая выдумка, гэта - увасабленне ідэй і спадзяванняў усяго беларускага народа", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"І не трэба нас папракаць, што мы, маўляў, балансуем недзе там і спрабуем сядзець на двух або трох крэслах. Нічога падобнага. Мы робім усё для таго, каб уберагчы краіну і народ на гэтым кавалку зямлі. Вось і ўся палітыка", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён адзначыў: "Мы гатовы супрацоўнічаць з усімі ў імя гэтага. Але трэба разумець, калі нас нахілілі і ўвялі санкцыі, мы выстаялі. Мінуў час, і Захад адмяніў санкцыі".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для Беларусі патрэбны мір і бяспека, дружба і супрацоўніцтва паміж народамі, і беларускі народ - самы інтэрнацыянальны.